“Арт-панарама” у гарадзенскім Новым замку
У гарадзенскім Новым замку адкрылася выстава “Арт-панарама” – гэта працы 34 маладых аўтараў з усёй Беларусі. У экспазіцыі – жывапісныя палотны, графіка, скульптура, арт-аб’екты, валянне і працы з граніту. Гародню на выставе прадасавілі 14 мастакоў, якія ўдзельнічалі ужо ў некалькіх дзясятках розных міжнародных выставах і з’яўляюцца сябрамі Саюзу мастакоў.
Пра экспазіцыю распавядае адзін з аўтараў – гарадзенка Наталля Клімовіч:
– Мне вельмі падабаецца ідэя гэтай выставы. Я б нават сказала, што гэта рэспубліканская выстава. Другая яе асаблівасць – тое, што выстаўляецца моладзь. І гэта вельмі важны зрэз мастацкага жыцця ў тым, як яно пачынаецца, бо моладзь – гэта пачатак таго, што будзе далей. Я прадставіла серыю сваіх прац, прысвечаных гісторыі Беларусі, ці як казалі раней – Вялікага Княства Літоўскага.
Экспазіцыя, па словах арганізатараў, прымеркавана да Года моладзі і яе можна будзе ўбачыць цягам бліжэйшага месяца.
На адкрыццё экспазіцыі прыйшлі гарадзенскія мастакі і скульптары, а таксама навучэнцы гарадзенскага каледжа мастацтваў.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня