Чаму ўлада “забылася” пра важную падзею ў гісторыі краіны



30-годдзе з моманту аднаўлення незалежнасці Беларусі прадказальна праходзіць у рэжыме неафіцыйнага свята для адных і пры поўным ігнараванні з боку іншых. Калі незалежная прэса інфармуе чытача пра значнасць падзеі і распавядае пра гістарычныя факты здабыцця дзяржаўнай самастойнасці ў жніўні 1991 года, то афіцыйныя выданні гуляюцца ў маўчанку. Дакладней, робяць выгляд, што ёсць куды больш важныя тэмы для асвятлення. У топ-навінах прапагандысцкіх рэсурсаў: “25-годдзе рэвалюцыі ў камбайнабудаўніцтве” і “Завяршэнне перыяду цераблення льну”… Дамінаванне сельскагаспадарчай тэматыкі ў прапагандзе абумоўлена тым, што кіраўнік дзяржавы ў дзень 30-годдзя з моманту абвяшчэння незалежнасці паехаў у Лагойскі раён з працоўнай паездкай, у межах якой вывучае сітуацыю ў айчынным камбайнабудаўніцтве.

Ігнараванне важнай даты ў найноўшай гісторыі Беларусі з боку дзяржавы і афіцыйных СМІ можна патлумачыць проста: цяперашняе кіраўніцтва краіны да той падзеі не мела наўпроставага дачынення. Больш за тое, сам факт аднаўлення дзяржаўнасці пад нянавіснымі для цяперашняй улады сімваламі (бел-чырвона-белым сцягам і гербам “Пагоня”) як бы нейтралізуе ўсю таксічную прапаганду, узнятую ідэолагамі пасля пратэстаў 2020 года. Адпаведна, ігнаруючы падзею, улада імкнецца ўсяляк запабегчы “рэабілітацыі” дзеячаў і сімвалаў першай паловы 1990-х. 

Зрэшты, тое, што на дадзеным этапе ўлада свядома адкідае важныя даты ў гісторыі дзяржаўнасці Беларусі — гэта тэндэнцыя, якая мае месца з сярэдзіны 1990-х гадоў. У пачатку свайго прэзідэнцтва Аляксандр Лукашэнка ініцыяваў штучны канфлікт з нацыянальна-дэмакратычнымі сіламі, памяняўшы сімволіку, якая асацыявалася з першымі гадамі незалежнасці, на мадыфікаваную савецкую. З гэтай жа мэтай была перанесеная дата правядзення афіцыйнага Дня незалежнасці, які стаў адзначацца 3 ліпеня з нагоды вызвалення Менска ад нацыстаў. З пазіцыі сённяшняга дня такія дзеянні сведчаць пра тое, што ўлада імкнулася ўсяляк пазбавіць сваіх апанентаў заслуг у заваёве незалежнасці ў вачах беларускага народу. Пазней сам характар палітычнага рэжыму Беларусі, які з умацаваннем усё больш набываў рысы персаналісцкай аўтакратыі, выключаў прызнанне ролі лідараў БНФ у стварэнні беларускай дзяржавы. Інакш і быць не магло ў рэчаіснасці, у якой цэнтральнай фігурай усяго з’яўляецца правадыр, які па вызначэнні не можа мець папярэднікаў і канкурэнтаў.

На 30-годдзе з моманту аднаўлення дзяржаўнасці Беларусь апынулася ў парадаксальнай сітуацыі, калі пустата дзяржаўнай ідэалогіі асабліва кідаецца ў вочы. На фоне суседняй Украіны, якая маштабна адзначыла галоўнае дзяржаўнае свята з удзелам дзясяткаў лідараў краін свету, працоўная паездка ў поле пад Мінскам – яўна нераўназначная падзея, якая не дадае аўтарытэту Беларусі на міжнароднай арэне і не ўмацоўвае яе незалежнасць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ