У Капылі да Дня беларускага пісьменства ўсталявалі помнік Цішку Гартнаму
У Капылі (Менская вобласць) да Дня беларускага пісьменства з’явіліся муралы ў гонар беларускіх пісьменнікаў і помнік Цішку Гартнаму.
«Пры падрыхтоўцы да свята ў Капылі была запланавана рэалізацыя некаторых праектаў, якія прысвечаны беларускім пісьменнікам. Напрыклад, на фасадах жылых аб’ектаў у горадзе з’явіліся муралы ў гонар Адама Русака, Алеся Адамовіча і Кузьмы Чорнага. Побач з раённым краязнаўчым музеем у горадзе ўсталявалі помнік Цішку Гартнаму, а ў існуючым скверы стварылі Алею пісьменнікаў», — паведамілі ў прэс-службе ўрада.
На алеі ўстаноўлены 17 інтэрактыўных лавак з інфармацыяй пра пісьменнікаў, якія нарадзіліся ў Капыльскім рэгіёне. На кожнай — QR-код, адсканаваўшы які, можна атрымаць доступ да біяграфіі літаратара, пазнаёміцца з яго творамі.
Паводле інфармацыі прэс-службы, у горадзе да свята адрамантуюць аб’екты раённага цэнтра культуры і краязнаўчага музея, адкрыюць новы будынак дзіцячай бібліятэкі, дзе абсталююць сучасную кінавідэалазу на 30 месцаў з аб’ёмным 3D-гукам.
Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Капылі 5 верасня.