Пра агентаў Скарыну, Гусоўскага і Сматрыцкага



Наш першадрукар і асветнік Францыск Скарына яшчэ той агент быў: паехаў вучыцца ў Падуанскі ўніверсітэт у Італію. Гэта ж як яму там “мазгі прамылі”. І не знайшлося ж нікога ў 16 стагоддзі, хто б сказаў: “Паехаў туды вучыцца, там і заставайся, паколькі там не навучаюць, а мазгі прамываюць, а потым да нас закідваюць ужо як агентуру з прамытымі мазгамі”. Вось так “прамылі яму мазгі”, што Скарына ажно заснаваў друкарню і пачаў кнігі друкаваць. Гэта ў сучаснай Беларусі ўлады гавораць не вяртацца тым, хто з’ехаў вучыцца на захад. Маўляў, там не тую ідэалогію ўкладаюць. А ў 16 стагоддзі проста быў разгул не таго, чаго трэба. Вунь паэт і асветнік Мікола Гусоўскі таксама доктарскую ступень не на радзіме абараняў, а ў Балонскім універсітэце ў Італіі. Там дагэтуль знаходзяцца кароткія анатацыі дыпломных прац, дзякуючы якім стала вядома, што Гусоўскі доўга выкладаў у Балонскім універсітэце і абараніў там дысертацыю па медыцыне. Больш за тое, вядома, што ў Балонскім універсітэце “прамывалі мазгі” многім студэнтам з тэрыторыі тагачаснай Беларусі. Паводле дакументаў, больш за сорак студэнтаў і выкладчыкаў з ВКЛ у тыя часы вучыліся ў гэтым італьянскім універсітэце. То бок ужо тады рыхтавалі розную агентуру для Беларусі. БРСМу на іх не было!

А філолаг і царкоўны дзеяч Мялецій Сматрыцкі ў 17 стагоддзі! Павучыўся на захадзе, у розных пратэстанцкіх акадэміях Лейпцыга і Вітэнберга, а потым веру змяніў з праваслаўя на ўніяцтва. Вось да чаго “прамыўка мазгоў” прыводзіць. Вось прыклад таго, як гавораць цяперашнія ўлады Беларусі, што за мяжой у галовы ўкладаюць не столькі новыя веды, а іншую ідэалогію. Так што, нечага там у розных Оксфардах ці Стэнфардах вучыцца. У нас і сваіх універсітэтаў хапае. У нашых жа ВНУ і прафсаюзы, і БРСМ, і “Белая Русь”. А ў заходніх ВНУ гэтага ж усяго няма, вось і прамываюць мазгі беларускім студэнтам за мяжой.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ