Пра матывы зачысткі структур грамадзянскай супольнасці



У Беларусі працягваецца знішчэнне прадэмакратычных арганізацый. У спісе суб’ектаў грамадзянскае супольнасці, якіх прымусова ліквідавалі альбо рыхтуюць да закрыцця, — амаль 200 вядомых структур. Сярод усіх гэтых аб’яднанняў – прыродаахоўныя, спартовыя, культурніцкія, праваабарончыя арганізацыі. Інакш кажучы, ліквідуюцца арганізацыі, якія працуюць з рознымі мэтамі і на розныя аўдыторыі. Але аб’ядноўвае іх усе — дэмакратычныя каштоўнасці і незалежнасць ад дзяржавы.

Асобна ў спісе арганізацый, якія чакае закрыццё, – беларусацэнтрычныя аб’яднанні, місіяй якіх ёсць папулярызацыя беларускай культуры ў шырокім сэнсе. Улады ў сваім самазабойчым імпульсе не пашкадавалі нават аўтарытэтныя “Таварыства беларускай мовы”, “Мова Нанова”, Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” і гэтак далей. Гэтыя арганізацыі дзейнічалі гадамі на карысць будучай Беларусі. У часы адлігі на мерапрыемствы дадзеных структур прыходзілі нават высокапастаўленыя чыноўнікі. Але ўсё змянілася пасля пратэстаў 2020 года, у пік якіх на вуліцы і плошчы беларускіх гарадоў аднамомантна выходзілі сотні тысяч чалавек. Улада традыцыйна не верыць у тое, што грамадзяне могуць самі па сабе выходзіць на пратэст. Таму тлумачаць незразумелую ім палітычную мабілізацыю насельніцтва дзейнасцю “агентаў Захаду”, падрыўной працай варожых НДА. Менавіта таму пасля задушэння вулічных пратэстаў уся магутнасць рэпрэсіўнай машыны дзяржавы абрынулася на грамадскія аб’яднанні, якія дзесяцігоддзямі прыносілі карысць краіне, дапамагалі рабіць яе больш зручнай для жыцця, больш гуманнай, больш сучаснай.

У пераліку арганізацый, якія будуць закрытыя ў бліжэйшы час, ёсць найстарэйшая з існых незалежных грамадскіх арганізацый Беларусі – Гомельская краязнаўчая арганізацыя “Талака”, заснаваная яшчэ ў другой палове 1980-х гадоў. За гады існавання праз мерапрыемствы гэтай структуры прайшлі тысячы людзей, яе сябрамі былі дзясяткі вядомых беларусаў. Аб’яднанне спрычынілася да адраджэння некалькіх аўтэнтычных народных абрадаў. “Талака” ладзіла традыцыйныя святы кшталту Купалля, на якое прыязджалі госці нават з Бразіліі. У іншай сітуацыі дзяржава сама б была зацікаўленая ў дзейнасці такой структуры, якая папулярызуе нацыянальную культуру. Аднак ва ўмовах, калі ўлады прытрымліваюцца прынцыпу “пасля нас хоць патоп”, наіўна чакаць, што грамадству будзе пакінута магчымасць для незалежнай ад дзяржавы дзейнасці. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ