Лявон Тарасэвіч: І наша праца ёсць у тым, што ў Польшчы цяпер Беларусь адрозніваюць ад Расеі



Крынкі запрашаюць на Трыялог. Традыцыйна мерапрыемства спалучае мастацтва, музыку, дыскусіі і сустрэчы ў сакратаўскай хаце. Сёлета Трыялог цалкам жаночы: і па тэме, і па выступоўцах.

Пра гэта Яна Запольская гутарыць з нашым госцем – старшынём Фонду Villa Sokrates, мастаком, прафесарам Лявон Тарасэвічам.

РР: 21-ы Трыялог пройдзе ў Крынках і пад такой назвай «Беларусь – гэта жанчына». Ці гэтая назва адразу ў вас з’явілася, ці былі нейкія іншыя варыянты? Чаму менавіта на гэтай назве спыніліся?

Лявон Тарасэвіч: Гэты назоў Трыялогу з’явіўся ў нас чатыры гады таму, як сядзелі перад галерэяй «Ў» у Менску. Але ж падзеі пайшлі так хутка ў Беларусі, што дагналі нашыя думкі, і мы падумалі, каб зрабіць Трыялог пра жанчын, бо яны ёсць важныя для нашай гісторыі. А з другога боку, ніхто завельмі на тое не глядзеў. Пачынаючы ад Рагнеды, Еўфрасінні Полацкай, праз Ларысы Геніюш, Дануту Бічэль-Загнетаву, і цяперашні ўздым, які адбыўся ў Беларусі, у якім жанчыны прымаюць найбольшы ўдзел. Як заўсёды нашыя тэмы для нас саміх цікавыя, і  думаю, таксама для прысутных гасцей.

РР: Вось гэтыя падзеі, што адбываліся ў Беларусі цягам апошняга году, наколькі вы былі здзіўленыя , або не здзіўленыя таму, што адбывалася і пачалося адбывацца год таму ў Беларусі?

Лёнік Тарасэвіч: Думаю, для кожнага было гэта неспадзявана. Але таму, што на жанчынах у Беларусі ёсць галоўны цяжар, каб утрымаць сем’і, каб утрымаць сваіх дзяцей, думаю, таму так і здарылася, што жанчыны гавораць сваім голасам – гэта вельмі добра, што так сталася.

РР: Разумею тэму «Беларусь – гэта жанчына», але чаму вы вырашылі, што толькі жанчыны на гэтую тэму могуць разважаць?

Лёнік Тарасэвіч: Мы не хацелі, каб пра жанчын гаварылі мужчыны. А з другога боку, хацелі зрабіць так, каб толькі жанчыны бралі ўдзел у гэтым спатканні. Так што гэта таму так выглядае. Не з якой там другой мэты.

РР: Можа некалькі словаў пра самую праграму, як яна ўкладалася, на што найбольш хацелі звярнуць увагу, найбольш нейкія цікавыя моманты.

Лёнік Тарасэвіч: Перш за ўсё гэта выстаўка, якая адбудзецца 27 жніўня. Яна цікавая сама па сабе, бо гэта жанчыны-мастачкі. І зараз, калі маем такі крызіс у Беларусі, людзі выязджаюць, жывуць у іншых краінах, то мастацтва як раз цяпер мае вялікі свой голас. Гэта выстаўка, у якой бяруць ўдзел Савашэвіч, Шабохіна, Сакалоўская, Напрушкіна, Сасноўская… Гэта ёсць на сённяшні дзень, можна сказаць, пік сучаснага мастацтва Беларусі. Я помню, калі былі гады 80-ыя. Тады большасць мастакоў былі мужчыны. То, відаць, і тут вельмі змянілася.

РР: Калі вы цяпер бываеце, як у Польшчы кажуць, у салонах у Варшаве, маеце кантакты і з палітыкамі, і з мастакамі, ці не заўважылі за гэты год, каб змянілася ўвогуле нейкае стаўленне да Беларусі, інфармаванасць людзей пра Беларусь, або зацікаўленасць беларускімі пытаннямі, ці заўважалі такія працэсы?

Лёнік Тарасэвіч: Перш за ўсё я шакіраваны тым, што ў Беластоку можа ісці цэлай Ліповай грамада і несці бел-чырвона-белыя сцягі. Як помню, у 1993 годзе беларускі фестываль рабіў якуюсь-такую праблему для «Кур’ера Параннага». Так што добра, што змянілася, што людзі ўжо адрозніваюць Беларусь ад Расеі. Калісьці гэта было ўсё адное. Так што гэта вельмі важна. З другога боку, ёсць сапраўды зацікаўленне Беларуссю, і для палякаў гэта тэма новая. І калі мы робім Трыялогі, то яны і для палякаў цікавыя.

Цалкам размова:

Трыялог у Крынках працягнецца два дні, 27 і 28 жніўня, і распачнецца сёння выставай у Галерэі Крынкі а 17-ай гадзіне. Наша Беларускае Радыё Рацыя з’яўляецца медыйным партнёрам мерапрыемства.

Размаўляла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя