Пабачыў свет капыльскі літаратурны альманах „Родныя пагоркі”



На Дзень беларускага пісьменства, які пройдзе 5 верасня ў Капылі, беларускія мясцовыя літаратары падрыхтавалі ўласны зборнік.

Такім чынам, дзякуючы намаганням больш вопытных па творчаму цэху літаратараў і выдаўцоў Гарадзеншчыны, пашыраецца геаграфія колькасці альманахаў, якія ўжо пераступілі адміністрацыйныя межы Гарадзенскай вобласці. Анансаваў выхад зборніка рэдактар газеты „Наша Слова” Станіслаў Суднік падчас фэсту паэзіі ў Зачэпічах, што на Дзятлаўшчыне.

– Капыльскі зборнік «Родныя пагоркі» сабраны сіламі Капыльскай раённай бібліятэкі імя Анатоля Астрэйкі і літаратурнага аб’яднання «Вясёлка», якое працуе пры гэтай бібліятэцы. Таварыства беларускай мовы, газета «Наша слова» дапамаглі ў плане звярстаць і надрукаваць гэты невялікі зборнічак. Гэта ўжо стаў наш шосты літаратурны альманах, і мы ўжо залезлі ў Менскую вобласць.

Для Станіслава Судніка, выхад капыльскага зборніка – гэта даніна ўдзячнасці Капылю, дзе ў сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя, у капыльскай газеце „Слава працы” быў апублікаваны першы ягоны верш. Анансаваны зборнік „Родныя пагоркі ” мае больш паўтары дзясятка мясцовых аўтараў.

Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя