Беларусы пратэставалі ў Батумі
Некалькі дзясяткаў беларусаў прынялі ўдзел у акцыі, што прайшла ў грузінскім Батумі. Акцыя адбылася каля будынку Службы дзяржаўнай бяспекі Грузіі (аналага КДБ), і нагодай для гэтай акцыі стала пагадненне паміж КДБ Беларусі і Службай дзяржбяспекі Грузіі, якое ўступіла ў сілу ў гэтым месяцы.
Кажа адна з арганізатарак акцыі Наталля Фядотава:
– Беларусам, якія сёлета прыехалі сюды, уцякаючы да дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі, да таго было цёпла і ўтульна ў Грузіі. Але пасля ўступлення ў сілу пагаднення паміж КДБ Беларусі і СБ Грузіі, людзі напрагліся. Людзям стала страшна. Людзям стане небяспечна. Ведаючы пра прынцыпы і метады дзейнасці КДБ, людзям стала тут небяспечна. І мы мітынгуем перад будынкам СБ Грузіі менавіта для таго, каб паспрабаваць замарозіць і наогул адмяніць гэтае пагадненне.
Пра свой удзел у акцыі кажа Марыя, што паспела з’ехаць з Беларусі ад крымінальнага пераследу:
– Для таго, каб спыніліся рэпрэсіі. Для таго, каб Грузія не выдавала нашых грамадзян. Таму што мы тады не адчуваем сябе бяспечна ні ў Беларусі, ні ў Грузіі.
РР: Хто прыходзіць на такія акцыі?
– Людзі, якія супраць дыктатуры і якія былі вымушаны з’ехаць з краіны, не па сваё волі, а з-за пераследу.
Акцыя працягвалася каля 20 хвілін, і ў ёй апроч прадстаўнікоў беларускай дыяспары прынялі ўдзел актывісты і лідары апазіцыйных грузінскіх партый.
Беларускае Радыё Рацыя