Зборная Беларусі засталася без Алімпіяды ў Пекіне



Беларускія хакеісты прайгралі славакам і не прабіліся на Алімпіяду, якая ў 2022 годзе пройдзе ў Пекіне. У заключным матчы ў кваліфікацыі беларуская зборная саступіла зборнай Славакіі з лікам 1:2. Матч пачаўся вельмі няўдала для нашай зборнай. У пачатку перыяду за штуршок суперніка на борт выдаленне да канца гульні атрымаў абаронца зборнай Беларусі Сяргей Сапега. Славакам спатрэбілася 33 секунды, каб адкрыць лік у матчы. У пачатку другога перыяду Ягор Шаранговіч зраўняў лік. У фінале трэцяга перыяду беларусы, якіх задавальняла толькі перамога ў асноўны час, замянілі брамніка на шостага палявога гульца і прапусцілі гол у пустую брамку. Таксама пуцёўкі на Алімпіяду ў Пекіне здабылі зборныя Латвіі і Даніі – абедзве каманды набралі максімальныя 9 балаў у сваіх групах.

Беларус Ілья Івашка выйграў тэнісны турнір ATP у ЗША

Тэнісіст Ілля Івашка выйграў міжнародны турнір ATP у амерыканскім горадзе Ўінстан-Сейлэме. У вырашальным матчы беларус перамог суперніка са Швецыі Мікаэля Імера – 6:0, 6:2. Гэта першы поспех Іллі Івашкі на спаборніцтвах пад эгідай Асацыяцыі тэнісістаў прафесіяналаў. 

Ігар Бокій стаў чатырохразовым пераможцам Паралімпіяды ў Токіо

Плывец Ігар Бокій заваяваў чацвёртае золата Паралімпіяды ў Токіа. Беларускі спартовец перамог на дыстанцыі 50 м вольным стылем. Выніковы час бабруйчаніна – 23,21 секунды.  Раней на Паралімпіядзе ў сталіцы Японіі Ігар Бокій перамагаў, абнаўляючы сусветныя дасягненні на дыстанцыі 100 м батэрфляем і на аналагічнай дыстанцыі ў плаванні на спіне, а таксама на 400 м вольным стылем. У мінулыя гады Ігар Бокій заваяваў 11 залатых медалёў на Паралімпіядах.

„Мяшкоў Берасце” выйшаў у „Фінал чатырох” SEHA-лігі

У паядынку ў адказ „Мяшкоў Берасце” у спарткомплексе „Вікторыя” перайграў „Еўрафарм” з Паўночнай Македоніі. Лік сустрэчы 35:31. У першым матчы берасцейцы выйгралі 31:27. Берасцейскі клуб прабіўся ў „Фінал чатырох” SEHA-лігі. 

„Нёман” разграміў Энергетык-БДУ 

„Нёман” у хатнім матчы 21-га тура вышэйшай лігі чэмпіяната Беларусі па футболе разграміў „Энергетык-БДУ” з лікам 3:0. Андрэй Якімаў адкрыў лік на 8 хвіліне, Аляксей Лягчылін аформіў дубль на 41 і 43 хвілінах матчу. „Віцебск” тройчы забіў берасцейскаму „Дынама” – 3:0. Цевераў аформіў дубль. Берасцейскі „Рух” у цэнтральным матчы тура абыграў салігорскі „Шахцёр” 1:0 дзякуючы голу Дзяніса Лапцева. Жодзінскае „Тарпеда-БелАЗ” прайграла „Гомелю” 0:1. У сталічным дэрбі „Дынама” перамагло „Мінск” 2:0. Барысаўскі БАТЭ згуляў унічыю з „Іслаччу” – 2:2. А „Слуцк” абыграў „Славію” – 2:1. 

«ПСЖ» абыграў «Рэймс» у дэбютным матчы Месі

У матчы 4-га тура французскай Лігі 1 «Рэймс» прайграў «ПСЖ» 0:2 – два галы забіў Мбапэ.  Нападнік Ліянэль Месі дэбютаваў за «Пары Сэн-Жэрмэн», выйшаўшы на поле на 66-й хвіліне сустрэчы замяніўшы Неймара. «ПСЖ» набраў 12 ачкоў у чатырох матчах і аднаасобна ўзначаліў табліцу Лігі 1. «Барселона» абыграла «Хетафе» 2:1 у чарговым матчы чэмпіяната Іспаніі дзякуючы галам Дэпая і Раберта.  Пасля трох тураў «Барселона» набірае 7 ачкоў – столькі ж у мадрыдскага «Рэала», «Севільі», «Валенсіі» і «Мальёркі», якія лідыруюць у Прымеры.  «Атлетыка» вырваў нічыю на апошніх секундах матчу з «Вільярэалам» 2:2. На 5-й даданай хвіліне матчу Айса Манда зрэзаў мяч ва ўласную браму У 2-м туры чэмпіянату Італіі „Мілан” з буйным лікам абыграў „Кальяры” дзякуючы дублю Жыру 4:1. У двух стартавых турах новага сезону чэмпіянату Італіі «Мілан» набраў 6 ачкоў. „Рома” разграміла „Салернітану” 4:0 – Пелегрыні забіў два мяча. У рамках 3-га тура чэмпіянату Англіі па футболе „Вулвэрхэмптан” саступіў „Манчэстар Юнайтэд” з лікам 0:1. Адзіны гол на 80-й хвіліне забіў Грынвуд. „Тотэнхэм” дзякуючы голу Сон Хын Міна абыграў „Уотфард” – 1:0. 

Беларускае Радыё Рацыя