Віталь Алейнік: Умовы не вельмі прыдатныя для жыцця мігрантаў, але што ж зробіш
На палігоне Руднінкай на мяжы Літвы з Беларуссю створаны лагер для нелегальных мігрантаў. Сваімі ўражаннямі ад наведвання гэтага месца ў нашым эфіры падзяліўся прадстаўнік беларускай дыяспары ў Вільні Віталь Алейнік.
– Там такая невялікая вёсачка, а каля той вёсачкі за лесам ёсць лагер, які ўтварыўся стыхійна з аднаго боку, з іншага ўжо структуруецца. Канешне, такія ўмовы не вельмі прыдатныя для жыцця, але што ж зробіш. Літва такога не чакала. Калі дождж пойдзе, дык намёты не вытрымліваюць вады і на іх усё льецца. І грошай няма, і дадому зараз цяжка вярнуцца, і не патрапіш у краіну, у якую хацелі. Таму там людзі ў роспачы.
Насельнікі лагеру ў прыватнасці пытаюцца, як ім вярнуць грошы, якія яны заплацілі за дастаўку ў Францыю ці Нямеччыну. Жыхары вёскі Руднінкай (альбо Руднікі) – пераважна сталыя людзі, якія размаўляюць на сумесі беларускай, расейскай і літоўскай моваў.
– Для тых людзей жыццё таксама змянілася, яны напалоханыя. З аднаго богу лагеры нібыта ахоўваюцца, а з іншага боку яны на месцы бачаць, што час ад часу там хтосьці збягае. Яны кажуць, а вось калі на наш дом нападзе ці што, яны разумеюць, што гэта не проста палітычныя гульні, а сапраўды ўспрымаюць гэта, як гібрыдную вайну.
Па словах Віталя Алейніка, нелегальна пераходзіць мяжу працягваюць і грамадзяне Беларусі, якія ратуюцца ад рэпрэсіяў – за мінулы тыдзень каля дзесятку. Але ў адрозненне ад мігрантаў з Азіі і Афрыкі беларусы разлічваюць вярнуцца на Радзіму, як толькі гэта стане магчымым.
Беларускае Радыё Рацыя