Яшчэ некалькім фігурантам „справы аб карагодзе” вынесеныя прысуды ў Берасці



Суд Ленінскага раёна Берасця 30 жніўня вынес прысуд фігурантам шостай крымінальнай „справы аб карагодзе” паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Як паведамляе тэлеграм-канал „Вясна. Брэст”, Ілля Ягораў (таксама прызнаны вінаватым паводле ч. 2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства)) асуджаны на два з паловай гады абмежавання волі.

Арцём Ласскі асуджаны на два гады абмежавання волі; Глеб Нікановіч, Ігар Сямыкін, Арцём Тарасюк, Аляксандр Жук, Сяргей Канановіч, Канстанцін Свідуновіч — на паўтара года абмежавання волі (усе з адбываннем пакарання ў папраўчай установе адкрытага тыпу).

Віктару Атрошку і Таццяне Рагачоўскай прызначаныя два гады абмежавання волі; Кацярыне Бровач і Юрыю Сацюку — паўтара года абмежавання волі (усім без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу).

Паводле звестак праваабаронцаў, адначасова ў гэтым жа судзе разглядалася справа паводле ч. 2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства) у дачыненні да трох чалавек. Іх судзілі за пашкоджанне дзвюх камер „Белтэлекама” і нанясенне „цынічных надпісаў”.

Акрамя Ягорава ў гэтым абвінавацілі Ігара Вінакурава, асуджанага 3 чэрвеня судом Маскоўскага раёна па пятай „справе аб карагодзе” да аднаго з паловай года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Сёння суд Ленінскага раёна з улікам гэтага пакарання прызначыў Вінакураву два з паловай гады абмежавання волі з адбываннем пакарання ў папраўчай установе адкрытага тыпу.

Па гэтым жа артыкуле аб злосным хуліганстве Данііл Дзіткоўскі прыгавораны да двух гадоў абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу.

Спраў „аб карагодзе” некалькі. Суд Ленінскага раёна Берасця вынес прысуд фігурантам першай справы 25 лютага, другой — 15 сакавіка, шостай — 30 жніўня. Суд Маскоўскага раёна 7 мая вынес прысуд фігурантам трэцяй справы, 3 чэрвеня — пятай справы, 4 жніўня — сёмай справы. 8 чэрвеня суд Берасцейскага раёна вынес прысуд фігурантам чацвёртай „справы аб карагодзе”.

Агульным лікам асуджаны 81 чалавек.

У тым ліку пяцёра прысуджаныя да пазбаўлення волі на розныя тэрміны (ад двух з паловай гадоў да года і васьмі месяцаў).

Да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу прыгавораныя 37 чалавек (адзін да трох гадоў, чатыры — да двух з паловай, 14 — да двух, 18 — да аднаго з паловай года).

Да абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу прысуджаныя 39 чалавек (адзін да трох гадоў, 15 — да двух, 22 — да аднаго з паловай года, 1 — да года).

Фігуранты першых пяці спраў абскардзілі прысуды ў Берасцейскім абласным судзе. Іх скаргі абласны суд пакінуў без задавальнення, прысуды — без змены.

Паводле абвінавачання, 13 верасня 2020 года гэтыя грамадзяне ўзялі ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў цэнтры Берасця. Знаходзячыся на праезнай частцы на скрыжаванні праспекта Машэрава, бульвара Касманаўтаў і бульвара Шаўчэнкі, у групе з іншымі асобамі яны „наўмысна ўзялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Гэтыя дзеянні, гаворыцца ў абвінавачанні, былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне работы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці, тралейбуснаму парку нанесены ўрон на 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму — на 40 рублёў 37 капеек.

Удзельнікаў акцыі пратэсту, якія пачалі вадзіць карагоды на скрыжаванні, сілавікі разагналі з ужываннем вадамёта.

БелаПАН