Гомельскія дэмакраты патрабуюць ад уладаў мітынг у падтрымку незалежнасці
Гомельскія дэмакраты прапанавалі мясцовым уладам супольна правесці масавыя акцыі ў падтрымку незалежнасці Беларусі. Актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Кацора і Васіль Палякоў звярнуліся да старшыні аблвыканкама Уладзіміра Дворніка, каб ён пасадзейнічаў правядзенню мірных сходаў у Гомелі і раёнах вобласці.
Адзін з заяўнікаў акцый Уладзімір Кацора падкрэслівае, што анексія Крыма і вайна на ўсходзе Украіны паказваюць важнасць адзінства грамадства:
– Гэта больш цяжка ўспрымаецца беларускім дэмакратычным грамадствам, хаця яно пакуль мала што можа зрабіць. Тут больш перажываць павінен той жа самы Лукашэнка, бо гэта пагроза і для яго асабіста, для яго ўлады, для яго сістэмы ўлады. Таму я сёння гатовы выйсці з пікетам ці правесці мітынг, але хто ж дазволіць, хаця я дмаю, што трэба паспрабаваць.
Ініцыятыва па правядзенні супольнай з уладамі акцыі абумоўленая, паводле арганізатараў, антыбеларускай хваляй у некаторых расейскіх СМІ, якія ставяць пад сумнеў тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель