Беларускія валейбалісткі саступілі расейкам у 1/8 фіналу ЧЕ-2021



Беларускія валейбалісткі саступілі расейкам ў 1/8 фіналу чэмпіянату Еўропы. Матч у Бялградзе завяршыўся з лікам 1:3. Самымі выніковымі гульцамі сустрэчы сталі расейка Арына Федараўцава, якая набрала 20 ачкоў і Анастасія Гарэлік, якая набрала 14 пунктаў у складзе беларускай зборнай.

Беларускія валейбалісты выйгралі мемарыял Платонава ў Санкт-Пецярбургу

Мужчынская нацыянальная каманда па валейболе выйграла 16-ы міжнародны турнір „Мемарыял Вячаслава Платонава”, які завяршыўся ў Санкт-Пецярбургу. Падначаленыя Віктара Бекшы пераадолелі ўсе этапы турніру без паразаў. У фінале яны перамаглі белгародскае „Белагор’е” з лікам 3:1, аформіўшы другую ў гісторыі спаборніцтваў вікторыю беларускай дружыны.

Сабаленка і Азаранка выйшлі ў 1/32 фіналу US Open

Дзве беларускія тэнісісткі пераможна пачалі выступы на адкрытым чэмпіянаце ЗША ў Нью-Ёрку. Другая ракетка планеты Арына Сабаленка ў 1/64 фіналу перайграла ў трохсэтавым паядынку сербскую тэнісістку Ніну Стаянавіч  – 6:4, 6:7, 6:0. Вікторыя Азаранка ўпэўнена перамагла ў дзвюх партыях чэшку Тэрэзу Марцінцаву – 6:4, 6:0. Яшчэ адна беларуска Аляксандра Сасновіч саступіла ў першым раўндзе казахстанскай тэнісістцы Алене Рыбакінай – 2:6, 3:6.

Зборная Беларусі па міні-футболе прайграла іранцам ў першым спарынгу ў Менску

Зборная Беларусі па міні-футболе няўдала правяла першы з двух таварыскіх матчаў з камандай Ірана ў Менску. Сустрэча на пляцоўцы сталічнага спарткомплексу „Уручча” пачалася з нападаў гасцей, якія выйшлі наперад на зыходзе першай хвіліны. Затым беларусы аднавілі раўнавагу, але потым іранцы цалкам завалодалі ініцыятывай і ў выніку выйгралі з буйным лікам 8:2. У складзе беларускай дружыны галы забілі Арцём Козел і Уладзіслаў Сялюк. Сёння супернікі сустрэнуцца зноў. Пасля спарынгаў з іранцамі каманда Аляксандра Савінцава адправіцца ў Батумі, дзе 3 і 4 верасня правядзе два кантрольныя паядынкі са зборнай Грузіі.

„Вітэн” даведаўся супернікаў у кваліфікацыі ЛЧ па міні-футболе

Аршанскі „Вітэн” даведаўся супернікаў на асноўным этапе кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў па міні-футболе. У канцы кастрычніка чэмпіёны Беларусі адправяцца ў Літву, дзе ў 3-й адборавай групе сустрэнуцца з каўнаскім „Жальгірысам” і двума іспанскімі камандамі – „Барселонай” і „Левантэ”. Матчы пройдуць з 26 па 31 кастрычніка. У элітны раунд выйдуць па дзве лепшыя каманды з васьмі кваліфікацыйных квартэтаў.

Арцём Мілеўскі ў бліжэйшы час афіцыйна абвесціць аб завяршэнні кар’еры

Былы нападнік берасцейскага і кіеўскага „Дынама” Арцём Мілеўскі ў бліжэйшы час афіцыйна абвесціць аб завяршэнні прафесійнай кар’еры футбаліста, – паведаміў YouTube-канал „ТаТоТаке”. Мілеўскі пачынаў кар’еру ў „Барысфене” з Барыспаля, потым гуляў у кіеўскім „Дынама”. Пасля гэтага абараняў колеры турэцкага „Газіянтэпспара”, харвацкага „Хайдука”, румынскай „Канкордзіі”, расійскага „Тосна”, венгерскай „Кішварды” і берасцейскага „Дынама”. Апошнім яго клубам быў украінскі „Мінай”. У скарбонцы 36-гадовага форварда тры чэмпіёнствы Украіны, чатыры Кубка і тры Суперкубка краіны, чэмпіёнства, Кубак і тры Суперкубка Беларусі. У складзе зборнай Украіны Арцём Мілеўскі быў чвэрцьфіналістам чэмпіянату свету-2006 года. 

Беларускае Радыё Рацыя