Батумі: першая акцыя па напісанні паштовак палітвязням



Амаль два дзясяткі паштовак і лістоў напісалі беларусы Батумі палітвязням, што сядзяць на кратамі, ці знаходзяцца на так званай “хіміі” ў Беларусі.

Акцыя адбылася ў цэнтры Батумі на плошчы Еўропы. Пра важнасць такіх мерапрыемстваў кажа арганізатарка Саша К.

– Важна пісаць як мінімум з двух кропак гледжання. Па-першае, людзі атрымліваюць падтрымку, людзі, якія сядзяць, яны адчуваюць, што яны сядзяць не проста так, што пра іх не забылі. Тыя, хто выходзіць, кажуць, што кожны ліст важны. А па-другое, гэта важна нават для сябе. Таму што вельмі часта, асабліва людзі, якія пішуць з-за мяжы, яны пішуць у нікуды. Ты ўкладаеш душу, малюеш, пішаш, а пасля не атрымліваеш адказу. І няма ніякай магчымасці высветліць, чалавек прачытаў ліст, ці не прачытаў ліст.

Дзяўчына лічыць, што мае сэнс пісаць нават некалькі паштовак.

– Гэтая акцыя не для таго, каб зрабіць прыгожую фотачку. Гэтая акцыя для таго, каб людзьмі звацца. Тыя, каму важна, прыходзяць і робяць гэта. Вельмі частка складана сабрацца з думкамі, калі ты сядзіш сам-насам дома, і магчымасць нават удвох сесці, прызначыць нейкую гадзінку, каб пісаць, ужо лепш. Адна паштоўка лепш чым нуль паштовак.

Па словах арганізатаркі, падобныя акцыі плануюць зрабіць традыцыйнымі і яны будуць адбывацца кожны панядзелак, пачынаючы ўжо з наступнага тыдня.

Беларускае Радыё Рацыя