Зміцер Косцін: Свайго часу такую салідарнасць адчувалі палякі ад сваіх суседзяў з захаду



У нашым эфіры пабываў Зміцер Косцін, журналіст Польскага радыё „Беласток”, актывіст беларускай дыяспары ў Беластоку і валянтэр фонду „Беларусь 2020”. 

РР: Якія твае ўражанні наконт звароту польскага прэзідэнту Дуды, які быў агучаны па-беларуску?

– Сапраўды, гэта вельмі важныя словы, вельмі кранальныя, таму што Польшча з’яўляецца домам перадусім для беларускай меншасці, якая тут жыве стагоддзямі. Таксама для нас, для тых што былі па тых ці іншых прычынах вымушаныя выехаць з Беларусі, Польшча ў пэўным сэнсе стала другім домам. І калі гэты дом прыязны да нас, гэта вельмі важна. Вельмі важна адчуваць салідарнасць. Тое слова, якое занадта часта мы выкарыстоўваем. Свайго часу такую салідарнасць адчувалі палякі ад сваіх суседзяў з захаду, ад краінаў захаду. І для нас, народаў, што столькі стагоддзяў жывуць побач, жывуць разам, можна сказаць гэта вельмі важна.

РР: Яшчэ адна навіна, ужо хвалюючая. Пра тое, што можа быць уведзены надзвычайны стан на беларуска-польскім памежжы з польскага боку. Як гэта ты ўспрыняў?

– Напэўна гэтыя дзеянні былі чаканыя, тым больш, што такія рашэнні прымаліся і на мяжы Летувы з Беларуссю, на мяжы Латвіі з Беларуссю. То бок у пэўны момант сітуацыя патрабавала больш рашучых, канкрэтных дзеянняў. І мне здаецца, што падобным чынам польскія ўлады спрабуюць проста лакалізаваць і апанаваць той крызіс, які стварылі ўлады Беларусі. 

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя