У Гомелі глуханямога асудзілі за абразу Лукашэнкі і заклікі да гвалту
У Гомелі на закрытым працэсе асудзілі на два гады 30-гадовага Дзмітрыя Заломскага. Ён інвалід па слыху, глуханямы. Яго ўзялі пад варту ў зале суда і забралі слыхавы апарат, піша «Радыё Свабода». Дзмітрый працаваў наладчыкам на прадпрыемстве «ВІПРА» — гэта адзінае прадпрыемства ў Гомелі, якое дае працу людзям з парушэннем слыху. З лютага ў Заломскага былі ператрусы, у яго забралі кампутар і тэлефон. Суд быў закрытым, таму нават сваякі не маглі прысутнічаць на працэсе.
«Суду далі станоўчыя характарыстыкі і хадайніцтвы, каб далі максімум «хімію» і ён адпрацоўваў яе на заводзе. Вядома, самая галоўная праблема, што ён будзе ў калоніі, бо слыхавы апарат у яго забралі», — кажуць сваякі асуджанага.
Родныя не ведаюць, што менавіта Дзмітрый пісаў у чатах, бо мець зносіны з чалавекам, які слаба чуе, складана. Мяркуючы па ўсім, на хлопца выйшлі, калі праводзілі ператрусы ў работнікаў прадпрыемства «ВІПРА» — праз тое, што ў людзей з праблемамі слыху таксама быў свой невялікі закрыты чат.
У пракуратуры заявілі, што Дзмітрый «з дапамогай асабістага кампутара і іншых прылад на адным з тэлеграм-каналаў размясціў фотавыяву кіраўніка дзяржавы, якая змяшчае яго негатыўную ацэнку». «У працяг супрацьпраўных дзеянняў апублікаваў у тэлеграм-канале паведамленне з абразай прадстаўніка ўлады, а затым паведамленне з заклікам да гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да намесніка старшыні суда аднаго з раёнаў Менска» заявілі ў пракуратуры.