Як мяняе рэальнасць новая “жалезная заслона”



На беларуска-польскім і беларуска-лістоўскім участках дзяржаўнага кардону ўпершыню ў гісторыі з’яўляецца агароджа, якую паспешліва ўзводзяць еўрапейскія суседзі, каб абараніцца ад наплыву нелегальных мігрантаў. За некалькі месяцаў міграцыйнага крызісу Беларусь страціла рэнамэ прадказальнага партнёра ЕЗ, які выконвае свае абавязальніцтвы ў сферы аховы дзяржаўных межаў. Міграцыйная праблема, з якой раней ніколі не сутыкаліся ў такім маштабе Літва і Польшча, мае выразнае гуманітарнае вымярэнне. Па сутнасці, эліты гэтых дзвюх дзяржаваў у дадзены момант вымушаныя прымаць рашэнні, якія выклікаюць жорсткую крытыку з боку праваабаронцаў. Кіраўніцтва Польшчы і Літвы з меркаванняў нацыянальнай бяспекі пайшлі на суворыя меры па ахове дзяржаўных межаў, якія не заўжды знаходзяць разуменне сярод пэўнай публікі як у гэтых краінах, так і ў іншых дзяржавах-чальцах ЕЗ. Безумоўнымі ахвярамі ўсёй гэтай сітуацыі з’яўляюцца ўцекачы з Бліжняга Усходу і Цэнтральнай Азіі, якія праз Беларусь намагаліся трапіць у заможную Еўропу. Таксама СМІ паведамляюць пра трагічную гібель літоўскага пажарнага, які загінуў падчас мантажу агароджы на мяжы з Беларуссю.

Аднак у эскалацыі напружання на мяжы Беларусі і краін ЕЗ ёсць яшчэ адзін аспект, пра які мала задумваецца публіка па абодва бакі новай жалезнай заслоны. Літоўскае польскамоўнае выданне “Кур’ер Віленскі” паведамляе пра тое, што не толькі людзі сталі ахвярамі агароджы. Аўтар публікацыі “Мяжа для звяроў” Антоні Радчанка прыводзіць цытату кіраўніка Літоўскага паляўнічага звязку “Gamta” Раймондаса Рыбачаўскаса, які на сваёй старонцы ў ФБ задаўся пытаннем: “Ці ўсе ініцыятывы (па ахове знешніх унійных межаў) былі адпаведна прааналізаваныя з пункту гледжання эканамічнага, палітычнага і аховы прыроды?” Прадстаўнік супольнасці літоўскіх паляўнічых размясціў таксама на акаўнце фотаздымак мёртвага аленя, які загінуў ад таго, што заблытаўся ў калючы дрот на той самай літоўска-беларускай мяжы. Гэты фотаздымак моцна ускалыхнуў грамадскую думку ў суседняй Літве. Рэакцыя грамадства і прадстаўнікоў зялёных рухаў прымусіла літоўскі ўрад дапрацаваць праекты агароджы, якая стала ўзводзіцца з улікам мінімізацыі шкоды для навакольнага асяроддзя. У прыватнасці, як паведамляецца ў той жа публікацыі, замест раскручанага па зямлі калючага дроту, на літоўска-беларускай мяжы пабудуюць працяглы паркан вышынёй у 4 метры. Як паведамляюць эколагі, праз такую канструкцыю плота небяспекі для дзікіх жывёл будуць зведзеныя да мінімума, паколькі яны не будуць спрабаваць яго пераскочыць. Нягледзячы на тое, што праект агароджы істотна падаражае ў цане, літоўскае грамадства можна павіншаваць. У гэтай постсавецкай краіне сапраўды адбыліся змены, калі ўрад вымушаны лічыцца з грамадскай думкай.

Калісьці мне давялося наведваць музей Берлінскага муру ў сталіцы Нямеччыны. Сярод масіва інфармацыі пра ўсе магчымыя наступствы ад з’яўлення ахоўнай сцяны, якую я атрымаў ад дасведчанага экскурсавода, запомнілася яго выказванне пра тое, як паўплывала сцяна на сезонныя міграцыі дзікіх жывёл. Высветлілася, што нават пасля руйнавання муру, які цягам некалькіх дзесяцігоддзяў падзяляў вольны Захад ад краін Варшаўскае дамовы, дзікія жывёлы не спяшаліся мяняць свае звычкі, асцерагаліся перасякаць месцы, дзе калісьці таксама былі пракладзеныя кіламетры калючага дроту. Так мяжа, якая існуе ў свеце людзей, таксама стала і рэальнасцю для дзікіх жывёл. Хочацца спадзявацца, што “жалезная заслона”, якая ўсталёўваецца на заходнім кардоне Беларусі, не прастаіць настолькі доўга, як згаданы вышэй Берлінскі мур. І алені з беларуска-польска-літоўскага памежжа, як і раней, падчас міграцый змогуць бесперашкодна перасякаць умоўную мяжу.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ