СК адмовіў змяніць меру ўтрымання галоўнаму рэдактару «Нашай Нівы»
Следчы камітэт адмовіў змяніць меру ўтрымання галоўнаму рэдактару «Нашай Нівы». Спатканні са сваякамі таксама не дазваляюць. Ягор Марціновіч звяртаўся з хадайніцтвам аб змене меры ўтрымання — пад асабістае паручальніцтва. Два вядомыя беларускія навукоўцы падалі заявы ў СК, гарантуючы, што гатовыя паручыцца за Марціновіча. Аднак следчы адхіліў хадайніцтва.
Таксама родным Ягора Марціновіча адмаўляюць у спатканні з ім. У дакуменце адзначаецца, што прадастаўленне спаткання з роднымі «не спрыяе ўсебаковаму, поўнаму і аб’ектыўнаму вывучэнню абставін крымінальнай справы». Варта адзначыць, што родныя Ягора не з’яўляюцца ўдзельнікамі крымінальнага працэсу і не маюць ніякага дачынення да заведзенай справы.
Пайшоў другі месяц, як Марціновіча трымаюць у СІЗА. За гэты час з ім ні разу не праводзілі аніякіх следчых дзеянняў. Яму прад’яўлена абвінавачванне ў нанясенні маёмаснай шкоды без прыкметаў раскрадання. Сэнс прэтэнзіяў у тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшканне была па тарыфах для фізічных асобаў, а трэба было плаціць па тарыфах для юрасоб. Следчыя налічылі, што за чатыры гады прадпрыемству «Мінэнерга» быў нанесены ўрон — 3,5 тысячы рублёў.
Беларускае Радыё Рацыя