Медыяменеджара Андрэя Аляксандрава прызналі падазраваным ва ўхіленні ад выплаты падаткаў
Андрэя Аляксандрава падазраюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, што мела вынікам прычыненне шкоды ў буйным памеры, паведаміў БелаПАН адвакат журналіста і медыяменеджара.
Паводле яго слоў, 31 жніўня Аляксандрава прызналі падазраваным па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса. „Ад дачы паказанняў ён адмовіўся. Віну катэгарычна адмаўляе”, — адзначыў абаронца.
Аляксандрава і яго дзяўчыну Ірыну Злобіну затрымалі ў Менску 12 студзеня 2021 года і абвінавацілі ў фінансаванні пратэстаў (ч. 1 і 2 арт. 342 КК). Паводле версіі следства, Аляксандраў і Злобіна „са жніўня 2020 года займаліся фінансаваннем асоб, якія бралі ўдзел у пратэстах у Менску, у тым ліку шляхам аплаты штрафаў і кампенсацыі сродкаў за знаходжанне ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў і ізалятары часовага ўтрымання”. Сам Аляксандраў казаў, што займаўся дабрачыннасцю ў рамках фонду салідарнасці By_help.
У пачатку ліпеня Аляксандраву выставілі новае абвінавачанне-па ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве).
Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
БелаПАН