Агляд прэсы: сіла току



Транснацыянальны аўтарытарызм:вяртанне дыктатараў. Што вядома аб верагодным запуску ядзернага рэактара ў Ёнбене? У Гішпаніі адбыўся рэзкі скачок цэн на электраэнергію. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Прымус, выкраданне людзей і смяротны гвалт – такі арсенал у гандлі ўсё больш асмялелых транснацыянальных рэпрэсараў», – піша аўстралійскае выданне The Interpreter.

Выданне адзначае, што акрамя выхадак беларускага рэжыму, свет мусіць улічваць і тое, што ўплывовыя аўтарытарныя рэжымы, у тым ліку Расея, Турцыя, Саудаўская Аравія, Іран і Кітай, а таксама менш уплывовыя Бурундзі і Егіпет, выкарыстоўвалі «лічбавыя пагрозы, шпіёнскае ПЗ і прымус праз давераную асобу, напрыклад, зняволенне сем’яў выгнаннікаў», каб запалохваць і рэпрэсаваць праціўнікаў-апазіцыянераў.

«Беларуская сітуацыя, як і падобныя, патрабуе павышэння дасведчанасці праз сродкі масавай інфармацыі, актыўнасць грамадзянскай супольнасці і даследаванні, прыняцце карных мер у дачыненні да тых, хто маніпулюе міжнароднымі інстытутамі, і ўвядзенне мэтавых санкцый супраць тых, хто спрыяе транснацыянальным рэпрэсіям і парушае нормы права ў дэмакратычных краінах. Гэта ўсё магло б стрымліваць гэтую трывожную тэндэнцыю. Але дэмакратычным урадам і міжнародным арганізацыям трэба будзе зрабіць больш, каб не дапусціць размывання дэмакратыі», – канстатуе аўстралійскае выданне.

 

«Паўночная Карэя аднавіла працу свайго рэактара па вытворчасці плутонію ў Ёнбене, і гэта можа дазволіць краіне-пустэльніцы пашырыць свой арсенал ядзернай зброі», – піша амерыканскі часопіс The Wall Street Journal. Гэта новы выклік Джо Байдэну, нароўні з небяспечным вывадам войскаў з Афганістану і перамовамі аб аднаўленні пагаднення 2015 году па ядзернай праграме Ірана, якія зайшлі ў тупік. У справаздачы ААН гаворыцца, што рэактар у Ёнбене бяздзейнічаў са снежня 2018 году. Пра тое, што цяпер ён аднавіў працу, кажа тое, што Паўночная Карэя пачала выкарыстоўваць лабараторыю непадалёк ад рэактара, каб аддзяліць плутоній ад паліва.

«Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі сур’ёзна занепакоена тым, што адбываецца», – піша амерыканская служба BBC. – «Аднаўленне працы рэактара і лабараторыі – гэта відавочнае парушэнне рэзалюцый Савета Бяспекі ААН. Калі Кім Чэн Ын сустракаўся з Дональдам Трампам у 2019 годзе, ён спрабаваў прадэманстраваць амерыканскаму калегу частку комплексу ў Ёнбене ў абмен на зняцце санкцый, але атрымаў адмову. І цяпер тое, што адбываецца можа стаць яшчэ адным галаўным болем для Байдэна, які пакуль не ставіць Паўночную Карэю на прыярытэтнае месца ў сваёй знешняй палітыцы. Магчыма, Пхеньян вырашыў, што пара прасунуцца ўверх у спісе спраў Вашынгтона», – рэзюмуе BBC.

 

У Гішпаніі за апошнія месяцы моцна падскочылі цэны на электрычнасць. Для гэтага маецца цэлы шэраг прычын: высокая залежнасць краіны ад паставак прыроднага газу, цэны на які таксама пайшлі ўверх, выдаткі на эмісійныя сертыфікаты, уведзеныя ў мэтах барацьбы з глабальным пацяпленнем, неэфектыўнае рэгуляванне цэн на электраэнергію, а таксама попыт, які падняўся з-за рэкордна гарачага надвор’я. Многія хатнія гаспадаркі сутыкнуліся з сур’ёзнымі праблемамі.

«Грамадзяне павінны паказаць палітыкам, дзе ракі зімуюць», – заклікае гішпанская газета Público.

«Для многіх людзей, якія і без таго з цяжкасцю зводзяць канцы з канцамі, цяперашняя сітуацыя стала сапраўднай катастрофай, роўна як і для мноства малых прадпрыемстваў, якія толькі-толькі распачалі пераадольваць наступствы пандэміі і зараз апынуліся на мяжы банкруцтва. Аднак на вуліцах ні душы, акрамя, вядома, аматараў хістацца па барах. Самы час зразумець, што грамадству пара вяртацца з летніх вакацый! Мы павінны выказацца, і выразна даць зразумець нашым прадстаўнікам у парламенце, што карт-бланш мы ім не выдавалі, і што народная незадаволенасць можа неўзабаве выліцца на вуліцы, калі палітыкі і дэпутаты не справяцца са сваёй задачай», – адзначае гішпанскае выданне.

 

З 1-га верасня ў многіх еўрапейскіх краінах пачынаецца новы навучальны год. Напярэдадні пачатку заняткаў многія спадзяваліся, што ўсё вернецца ў норму і паўтары гады класаў, зачыненых на замок, хатняга навучання і абавязковых тэстаў і масак застануцца ў мінулым. Аднак дэльта-варыянт каронавірусу ўносіць свае карэктывы: колькасць заражэнняў расце, і перш за ўсё сярод дзяцей, якія ў большасці сваёй ўсё яшчэ не вакцынаваныя. У калонках аглядальнікаў змяшаліся фаталізм, рэзкая крытыка і пачуццё бяссілля.

На думку брытанскай газеты The Spectator, паколькі новай хвалі інфекцыі ў школах усё адно не пазбегнуць, то лепш ёй і не перашкаджаць.

«Улічваючы тое, што большая частка дарослага насельніцтва ўжо прышчэпленая, а колькасць выпадкаў шпіталізацыі і смяротных зыходаў знаходзіцца на нізкім узроўні, для абмежаванняў ўжо няма тых падстаў, якія меліся да пачатку кампаніі вакцынацыі. Акрамя таго, вынікі апублікаванага на мінулым тыдні даследавання з Ізраіля кажуць пра тое, што натуральна набыты імунітэт, то бок набыты пасля захворвання, абараняе ад вірусу значна лепш і даўжэй, чым імунітэт, атрыманы ў выніку вакцынацыі. Гэты аргумент кажа на карысць таго, каб дазволіць вірусу распаўсюджвацца ў школах менавіта цяпер, а не чакаць зімы, калі імунітэт бацькоў школьнікаў, а таксама іх бабуль і дзядуляў пачне зніжацца», – адзначае брытанскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя