Беларуская Акадэмія набірае студэнтаў на магістарскія праграмы
Вучыся анлайн і атрымлівай дыплом еўрапейскага ўзору. Беларуская Акадэмія набірае студэнтаў на магістарскія праграмы. Акрамя таго, пашырыўся пералік спецыяльнасцяў і для бакалаўрыяту. Асабліва актуальна гэта можа быць для тых беларусаў, якія цяпер апынуліся за мяжой і шукаюць магчымасць для навучання або змены сваёй прафесіі.
Кажа прафесар, доктар хабілітаваны навук, каардынатар ініцыятывы – Святлана Куль-Сяльверстава:
– Я дамаўляюся з рэктарамі ВНУ (пакуль гэта тры польскія ВНУ), мы дамаўляемся пра адкрыццё кірунку для студэнтаў з Беларусі. Выкладанне ідзе па-расейску і па-беларуску, прыкладна 50 на 50. Гэтае ВНУ, з якой мы дамовімся, бярэ на працу нашых выкладчыкаў, і яны выкладаюць толькі для нашых студэнтаў. А студэнт пасля навучання атрымлівае дыплом гэтай ВНУ, а не дыплом Беларускай Акадэміі.
Падрабязную інфармацыю пра Беларускую Акадэмію, спецыяльнасці, можна знайсці ў інтэрнэце і ў сацыяльных сетках:
– У нас ёсць канал у Тэлеграме, у Фэйсбуку, мы цяпер робім свой сайт. Дастаткова прагугліць, упісаўшы словы “Беларуская Акадэмія”. Акрамя таго, нашы партнёрскія школы размяшчаюць у сябе на сайт інфармацыю пра Беларускую Акадэмію.
Навучанне ў Беларускай Акадэміі ажыццяўляецца анлайн, яно платнае. Да прыкладу, год навучання для бакалаўрыяту каштуе 1 тысячу еўра, іх можна выплаціць дзвюмя часткамі па 500 еўра. Магістарка традыцыйна даражэйшая.
Падрабязней аб працы Беларускай Акадэміі, яе спецыяльнасцях і асаблівасцях навучання, можна паслухаць у далучаным гукавым файле:
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя