Пра словы



Пачаць хочацца з свайго ніваўскага фельетона двухтыднёвай даўніны – «Пра разумнага чалавека». Так сталася, што, мяркуючы па рэакцыі людзей, нядобра ён закрануў чытачоў і ў нечым абразіў іх. Таму адразу хачу папрасіць прабачэння. Перачытаўшы яшчэ раз той недарэчны ў выніку артыкул, зразумеў я чаму ён быў успрыняты так, а не інакш. Адзінае, у чым хачу шчыра запэўніць – не меў я на мэце нікога абразіць ці прынізіць. Гэта быў якраз той выпадак, калі памкненне напісаць гумарыстычны, іранічны і, як мне хацелася і здавалася, самаіранічны фельетончык, сталася няўдалым увасабленнем задумы. Яшчэ адзін прыклад таго, як асцярожна трэба ставіцца да кожнага слова. Дадаткова публічна прабачаюся перад сваімі сябрамі – паверце, што гэта быў толькі няўдалы літаратурны экспромт, але ні ў якім разе не маё стаўленне да іншых, і тым больш ні нейкая пагарджальная пазіцыя…

А між тым, лета мінула і наступае непрадказальная восень. Чарговае лета праляцела і пакінула для беларусаў горыч чарговых паразаў і стратаў. Праўда, некаторыя асобы на ўгодкі Беларускай рэвалюцыі цвёрда сцвярджаюць, што яна – гэтая рэвалюцыя – ужо перамагла. Толькі ў чым тая перамога – ніхто ня можа сказаць. Каля трох тысяч фактычных палітвязнязняў (афіцыйна такімі прызнаных праваабаронцамі на 30 жніўня – 646). Канца і краю рэпрэсіям не відаць і блізка, запушчаная карная машына бязлітасна перамолвае людскія лёсы. Ліквідуюцца дзясяткі грамадскіх арганізацый, зачыняюцца культурніцкія пляцоўкі, свой прыватны бізнэс людзі ліхаманкава пераносяць у сумежныя краіны. Дзяржава няспынна вядзе тэрор супраць грамадзян – бесперастанныя ператрусы, затрыманні, адміністрацыйныя арышты і штрафы. Культывуюцца даносы і адсочванне «нядобранадзейных элементаў». Людзей пасылаюць за краты альбо выпіхваюць у эміграцыю – і працэс гэты толькі набірае размах. Беларусь усё болей аддзяляецца ад цывілізаванага свету палітычным мурам, а ад яе ўжо бальшыня суседзяў – плотам з калючага дроту. Дэградацыя дзяржаўных структур і эканомікі, іх кампраметацыя адбываюцца па ўсіх кірунках. Беларусь усё больш ператвараецца ў падабенства Кубы.

А можа Беларуская рэвалюцыя адбылася ў сведамасці людзей? За мінулы і гэты год было зроблена некалькі важкіх крокаў: першы выбуховы крок – грамадзянская актыўнасць супраць несправядлівых і дзесяцігоддзямі фальшаваных выбараў, гэткі рух за справядлівасць. Другі крок – адраджэнне нацыянальнай сімволікі. Здавалася б наступны крок – адраджэнне беларускай мовы як галоўнага падмурку тоеснасці, адметнасці і выжывальнасці тытульнай нацыі. Але не туды тое. Выяўляецца, што ў масавай сведамасці тут нічога не змянілася. Яскравы прыклад і паказнік – колькасць пададзеных у гарадах бацькамі заяваў у беларускамоўныя класы сёлета так і засталася мізэрнай, на роўні статыстычнай пагрэшнасці. А не будзе беларускай школы – не будзе ўрэшце нічога. Такая б простая, здавалася б, ісціна…

Новая хваля эміграцыі з Беларусі нясе ў суседнія краіны рускамоўнасць, не хочуць маладыя выехаўшыя семі вывучаць і трымацца свайго, так і застаюцца «рускімі, толька са знакам качаства». А падавалася б, гэта лагічна – калі не былі беларусамі ў сваёй краіне – станавіцца імі ў замежжы, успомніць пра карані, ствараць нейкія грамадска-культурныя асяродкі, свае рэлігійныя супольнасці, адзначаць па-беларуску нацыянальныя святы. З іншага боку, ёсць і іншая логіка – прагматызм жыцця не патрабуе беларускай мовы, а комплекс нацыянальнай непаўнавартаснасці нікуды не падзеўся.

Падводзіць у гэтым сэнсе і так званая эліта. Вось яшчэ адзін яскравы прыклад з апошняга тыдня. Беларускі «Свабодны тэатр», які даўно ўжо ў эміграцыі, ладзіць паказ спектакляў на ангельскай мове (гэта зразумела з гледзішча тамтэйшага адрасата). Пры тым транслюе з іх у інтэрнэце відэа, у якім цітры перакладу падаюцца на рускай мове (!). Дык што ж беларускага ў такім тэатры?! Аналагічных прыкладаў нямала. Прыкра гэта ўсё і сумна. Бо словы кожнай мовы – гэта не проста сродак камунікацыі, гэта найперш духовы код. Ці не страчаны ён незваротна?..

Уладзімір Хільмановіч

Беларускае Радыё РАЦЫЯ