Вольгу Карач ўключылі ў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці



Кіраўніка грамадскай кампаніі „Наш дом” Вольгу Карач ўключылі ў спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці. Яе прозвішча з’явілася ў пераліку арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, размешчаным на сайце Камітэта дзяржбяспекі. Карач, якая знаходзіцца па-за межамі Беларусі, з’яўляецца абвінавачанай ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 6 арт. 16, ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 289 (дапамога ў падрыхтоўцы акту тэрарызму), а таксама ч. 6 арт. 16, ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 359 (дапамога ў падрыхтоўцы акту тэрарызму ў дачыненні да дзяржаўнага або грамадскага дзеяча) Крымінальнага кодэкса.

Раней телеграм-каналы „Наш дом”, „Наш дом ТБ”, а таксама YouTube-канал „Наш дом ТБ”, дзе Вольга Карач часта выступае з каментарамі, былі прызнаныя экстрэмісцкімі.

Акрамя Карач у пералік таксама ўключаны ўдзельнікі телеграм-канала і аднайменнага чата Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі Наталля Матвеева, Вадзім Гулевіч, Зміцер Сасноўскі, Кірыл Ашурак, Аляксей Глотаў, Дзяніс Хромаў (Хофман). 18 жніўня Вярхоўны суд прызнаў чат тэрарыстычнай арганізацыяй.

Па версіі сілавікоў, гэтыя людзі датычныя да арганізацыі замаху на вядучага тэлеканала СТБ Рыгора Азаронка, да планаў па мінаванні радыёвышкі Ваенна-марскога флоту Расеі, размешчанай у Вілейцы, таксама яны нібыта збіраліся падпаліць лесанарыхтоўчую тэхніку ў Бярэзінскім лясгасе.

БелаПАН