Краязнавец пасмяротна стаў Ганаровым грамадзянінам Івацэвіцкага раёна



Сесія Івацэвіцкага раённага Савета пасмяротна надала званне Ганаровага грамадзяніна Івацэвіцкага раёна Алесю Зайку (1948-2018) – краязнаўцу, педагогу, збіральніку самабытнай беларускай народнай лексікі.

Алесь Зайка ўсё жыццё збіраў дыялекты, прыказкі і прымаўкі, жарты і каламбуры, прыгаворкі і языкаломкі, вясельныя прыгаворкі пры дзяльбе каравая, вітанні і зычэнні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засцярогі і прысяганні, праклёны і адкляцці, жартоўныя праклёны і дражнілкі-кепікі, зневажанні і параўнанні, прыкметы народнага календара.

Пры жыцці паспеў выдаць асобнымі кнігамі такія выданні, як “Дым з коміна” і “Дыялектны слоўнік Косаўшчыны”, “Населеныя пункты Івацэвіччыны”, “Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны”, “Чысты чацвер”, Дыялектны слоўнік Косаўшчыны” і іншыя.

Сёлета ў верасні ў Косаве плануецца адбыцца навуковая канферэнцыя “Зайкаўскія чытанні”. На гэтым мерапрыемстве сям’і Алеся Зайкі будзе ўручаны дакументы Ганаровага грамадзяніна Івацэвіцкага раёна.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва аўтара