Клетачка ўправа, клетачка ўлева…
Распачаліся суворыя школьныя будні… Паспрабуйце растлумачыць другакласніку, чаму прынцыпова важна адступаць тут столькі клетачак, а тут столькі і дзе што пісаць!
Яму ж на месцы не сядзіцца, яму ж важна навучыцца правільна пісаць цэлыя сказы і рашаць задачкі, а тут амаль дэкаратыўна-прыкладное мастацтва маем пры афармленні класнай і дамашняй работы! Навошта? Які ў гэтым глыбінны сэнс?
Пакутуюць дзеці, настаўнікі, адміністрацыя школы ў напружанні, бо прыедуць правяраючыя (з раёна, вобласці, не дай Бог са сталіцы!) і могуць зрабіць заўвагу ў парушэнні адзінага арфаграфічнага рэжыму! Арфаграфічны рэжым – літаральна цар і бог сучаснай школы! І пакуль усе трасуцца, змагаючыся за тое, каб яго не дай Бог не парушыць, усе астатнія праблемы беларускай школы падаюцца драбязой.
Стаўка ваенрука і факультатыў “Духоўнасць і патрыятызм”? Пасля адзінага арфаграфічнага рэжыму ўсё гэта насамрэч другасна, спадарства! Паразважаць пра праблемы сучасных падлеткаў з мясцовым бацюшкам? Не пытанне. Разабраць з фізруком/ваенруком аўтамат? Дро-бя-зі. Цяжэй навучыць малодшых школьнікаў пісаць сказамі і рашаць прыклады, адступаючы на пэўную колькасць радочкаў ды клетачак… Сядзяць яны, бедалажкі, выціраючы слёзы брудным кулачком ды перапісваючы то адно, то другое…
Сапраўдная школа жыцця і трывання… Малога беларусіка.