Пра прычыны блакавання сайта “Радыё Рацыя”



Міністэрства інфармацыі заблакавала сайт “Беларускага Радыё Рацыя”. Пры спробе заходу на старонку незалежнага СМІ, якое вяшчае на Беларусь з тэрыторыі Польшчы, на сайце з’яўляецца стандартная расейскамоўная шыльда з наборам словаў пра тое, што рашэнне “прынятае на падставе Закона “Аб сродках масавай інфармацыі”. Прычына блакавання старонкі для беларускіх наведнікаў чыноўнікамі дагэтуль не раскрываецца, хоць гэта насамрэч бюракратычная фармальнасць. На фоне зачысткі прэсы ў Беларусі і пераследу незалежных журналістаў перашкоды ў наведванні інтэрнэт-старонкі беларускай радыёстанцыі былі справай часу. Чыноўнікі Міністэрства інфармацыі, відавочна, не пераймаюцца цяпер нават бачнасцю законнасці, паколькі ўсё ў Беларусі цягам апошняга году падпарадкавана прынцыпу “не да законаў, калі існуе хоць мінімальная пагроза”. Віна “Беларускага Радыё Рацыя” – у тым, што вось ужо другое дзесяцігоддзе гэтае СМІ спрабуе даносіць аб’ектыўную інфармацыю да слухача па абодва бакі мяжы, прычым робіць гэта з беларускага гледзішча і на роднай мове. Ужо сам факт існавання непадкантрольнага СМІ, якое масава чытаюць і слухаюць беларусы, быў вялікім раздражальнікам для ўладаў і ў ранейшыя часы.

Спроба блакавання РР з Беларусі абумоўленая тым, што ў цяперашні момант улады імкнуцца дасягнуць максімальнай стэрыльнасці інфармацыйнай прасторы. У перыяд палітычнага крызісу, калі грамадства задаецца пытаннямі будучыні, прапаганда па факце прайграе аб’ектыўнай інфармацыі. Улада, якая зрабіла стаўку на прапаганду і сілавое вырашэнне канфлікту, не церпіць альтэрнатыўнае меркаванне. Адпаведна, мы назіраем рэфлекторную рэакцыю аўтакратыі, якая ў мэтах самазахавання, нішчыць усё, што лічыць нават гіпатэтычнай пагрозай.

Яшчэ адна прычына “ціску” на РР – палітыка рэдакцыі СМІ, якая грунтуецца на беларускіх каштоўнасцях. Відавочна, у аналітычных цэнтрах улады на дадзены момант вядуць рэй сілы, якія карыстаюцца сітуацыяй, каб нанесці макcімальную шкоду ўсім беларусацэнтрычным ініцыятывам і рэсурсам. З гэтай мэтай пад шумок змагання з “рэвалюцыянерамі” знішчаюцца аўтарытэтныя беларускія аб’яднанні, якія перажылі розныя стадыі айчыннага аўтарытарызму.

І апошняе, блакаванне сайту РР, нягледзячы на тое, што гэтае дзеянне нібыта ідзе ў адным шэрагу з рэпрэсіямі ў дачыненні да іншых незалежных СМІ, усё-такі мае адну асаблівасць. Калі ўлада ўздымае руку на РР, яна аўтаматычна выступае супраць беларускай меншасці на Падляшшы. З пункту гледжання перспектыў беларускай незалежнай дзяржавы – рашэнне яўна пройгрышнае, пазбаўленае якога-кольвек стратэгічнага бачання. Моцная і ўпэўненая ў сваіх дзеяннях дзяржава выкарыстоўвае сувязі дыяспар і абапіраецца на меншасці ў прасоўванні сваіх інтарэсаў. А калі патрэбна, дапамагае меншасцям усім, чым толькі можа. У нашай жа сітуацыі дзяржава чарговы раз дэманструе тое, што пытанне захавання ўлады для кіраўніцтва краіны выжнейшае за будучыню беларускага народу.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ