Берасцейцы 17 верасня змогуць бясплатна наведаць музеі



Пра гэта між іншым у сваім Telegram-канале паведаміў старшыня мясцовага гарвыканкама Аляксандр Рагачук.

На канале чыноўніка згадана і іншая інфармацыя адносна гэтага дня:

– Паважаныя берасцейцы, ужо на наступным тыдні, 17 верасня, адзначым новае дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства. У хуткім часе падзялюся афіцыйнай праграмай усіх мерапрыемстваў. А пакуль інфармую, што ў гэты дзень у музеях Берасця для ўсіх наведвальнікаў будзе дзейнічаць бясплатны ўваход, экскурсійнае абслугоўванне будзе платным. Можна будзе наведаць музеі і філіялы берасцейскай крэпасці, абласнога музея і музея гісторыі горада.

Берасцейскія гісторыкі і краязнаўцы, сярод якіх і Ігар Бараноўскі, ужо выказвалі свае меркаванні наконт святкавання новастворанага дзяржаўнага свята. Мела месца і крытыка:

– Дзень 17 верасня 1939 года, безумоўна, знакавая дата ў гісторыі Беларусі. Аднак яна вельмі неадназначная і наўрад ці можа святкавацца як сапраўднае свята.

Між іншым краязнаўца ўзгадаў пра праблемы, якія напаткалі насельніцтва пасля падзеяў верасня 1939 года, у гонар якіх і запачаткавалі новае свята, а гэта: адсутнасць свабоды рэлігіі, дэфіцыт прадуктаў, рэпрэсіі ўжо з боку савецкіх органаў улады ды іншыя.

Беларускае Радыё Рацыя