Беларуская партыя “Зялёныя” абвясціла набор у партыйную школу



Беларуская партыя “Зялёныя” абвясціла набор у партыйную школу.

Хоць часы для такой працы неспрыяльныя, але трэба развівацца ў любых умовах, –  кажа  ў размове з Радыё Рацыя старшыня партыі Зміцер Кучук:

– Мы ўсё ж такі ва ўмовах гэтай няпростай сітуацыі адкрываем так званы палітычны восеньскі сезон  і адкрываем такую школу, дзе хочам паразмаўляць, растлумачыць каштоўнасці партыі зялёных, хартыю зялёных, якую падпісалі шматлікія еўрапейскія Зялёныя партыі. І па магчымасці прыцягнуць новых людзей, хто не баіцца беларускай палітыкі, хто хоча ўсё ж такі нейкіх зменаў. Хто хоча стаць тым жа зялёным кандыдатам ці зялёным палітыкам, зразумець, на якіх каштоўнасцях стаяць зялёныя.

РР: А ёсць такія людзі?

– Паглядзім. Думаю, што ўсё ж такія ёсць. Напэўна, усё ж такі павінны з’яўляцца новыя людзі, і мы вось цяпер запусцілі такую платформу, якую рабілі нашы праграмісты цягам двух год. Такой платформы няма ні ў нямецкіх зялёных, ні ў шведскіх, дзе праз інтэрнэт ёсць магчымасць падаць анкету, адпаведна ўступіць у партыю. У вас будзе там асабісты кабінет, будзе стылёвае партыйнае пасведчанне – картка, якая нават не ва ўсіх беларускіх грамадзянаў ёсць.Так званы пашпарт з піяркодам, з асабістым кодам. Можна заўжды ўступаць у арганізацыю і аплачваць партыйныя ўнёскі.

І калі хтосьці ў нейкім рэгіёне захоча правесці нейкае мерапрыемства, можна падаць заяўку і сабраць нейкія фінансавыя рэсурсы для правядзення магчымых разнастайных мерапрыемстваў у сваім горадзе. Лекцыя, круглы стол, можа, штосьці больш глабальнае за конт таго, што партыя не згубіла яшчэ сваю рэгістрацыю. Для збору ахвяраванняў грамадзян мы ўжо ўтварылі такую платформу і ў легальным полі для нашых грамадзян і актывістаў будзем працягваць па меры магчымасці дзейнасць.

РР: А што будзе ў праграме? Якія асноўныя накірункі?

– Асноўнае, канешне, гэта пазнаёміцца і паразмаўляць з новымі людзьмі, распавесці пра новы зялёны курс, які праводзіць Зялёная партыя ў Еўрапейскім звязе, і растлумачыць каштоўнасці партыі зялёных. Гэта экалагічная мудрасць, не гвалт, базавая дэмакратыя і сацыяльная справядлівасць. І паразмаўляць пра хартыю – гэта такі асноўны дакумент, які падпісалі і беларуская партыя “Зялёныя”, і еўрапейскія партыі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя