Вярхоўны суд ліквідаваў аб’яднанне прадпрымальнікаў «Перспектыва»
Рашэнне аб ліквідацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання „Перспектыва” аспрэчвацца не будзе, паведаміў БелаПАН цяпер ужо былы старшыня арганізацыі, лідар прадпрымальніцкага руху Анатоль Шумчанка.
„Мы не будзем нічога аспрэчваць, не бачым у гэтым ніякага сэнсу, — сказаў ён. — Мы ведалі, што нас ліквідуюць, задоўга да гэтага. Гэта агульная тэндэнцыя ў краіне, якая зразумелая ўсім, хто жыве ў Беларусі. <…> Ліквідацыя „Перспектывы” — гэта следства тых палітычных працэсаў, якія мелі месца ў краіне апошнім часам, гэта відавочна. Казаць пра прычыны няма сэнсу”.
Паводле яго слоў, у сувязі з ліквідацыяй „Перспектывы” яму паступае шмат прапаноў зарэгістраваць новую арганізацыю, якая б абараняла інтарэсы індывідуальных прадпрымальнікаў. „Але прагназаваць на сённяшні дзень, хто і чым будзе займацца, бессэнсоўна: сёння мы размаўляем, а заўтра хтосьці арыштаваны, знаходзіцца пад следствам альбо ў СІЗА. Такі час, такая краіна і такія рэаліі. Галоўнае сёння — выжыць і жыць, дапамагаць адзін аднаму ў гэтай краіне, аказваць дапамогу нармальным людзям, каб выжыць у гэтай сітуацыі. Гэта не забаронена ні Божымі, ні іншымі законамі”, — падкрэсліў Шумчанка.
Як паведамлялася, 7 верасня Вярхоўны суд задаволіў іск Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі аб’яднання „Перспектыва”.
15 ліпеня Следчы камітэт наклаў арышт на разліковы рахунак арганізацыі, на якім на той момант было прыблізна 24 тысячы рублёў. 24 жніўня ў Шумчанкі прайшоў вобшук.
Аб’яднанне „Перспектыва” на працягу 19 гадоў займалася абаронай правоў індывідуальных прадпрымальнікаў, што працуюць у сферы гандлю. Форумы прадпрымальнікаў, якія рэгулярна арганізоўвала аб’яднанне, збіралі ад некалькіх сотняў да некалькіх тысяч удзельнікаў. Гэтыя сустрэчы нярэдка наведвалі чыноўнікі Міністэрства эканомікі, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, іншых дзяржорганаў.
БелаПАН