Ганна Чыстасердава: Калі ў Беларусі адбудуцца перамены – у нас будзе вельмі шмат працы



“Калі ў Беларусі адбудуцца перамены – у нас ва ўсіх будзе вельмі шмат працы”. Кажа Ганна Чыстасердава, адна з заснавальнікаў і арт-дырэктарка Галерэі “Ў” у Менску, якая каля года таму спыніла сваё існаванне ў выніку ператрусаў і ціску на заснавальнікаў.

Гэтае месца з самага пачатку свайго адкрыцця ў 2009 годзе стала культавым, і не толькі для менчукоў. Тут праходзілі выставы, паэтычныя вечары, сустрэчы з вядомымі беларусамі, але падзеі апошняга года зусім не спрыялі культурнаму працэсу:

– Навіны, якія мы атрымоўваем штодня, на жаль, не даюць больш энергіі для нейкіх творчых рэчаў. Усё ж такі думаеш крыху пра іншыя, мне падаецца, магчыма больш важныя рэчы. Я заўсёды вельмі ганаруся тымі, хто застаўся і застаецца ў Беларусі, штодня робіць сваю працу на розных плынях. Гэта не толькі што тычыцца культуры, а ўвогуле, бо тыя абставіны, у якіх мы зараз усе апынуліся, з імі вельмі цяжка жыць.

Дарэчы, падчас пандэміі Галерэя “Ў” бясплатна прадаставіла свае памяшканні для складу ініцыятывы ByCovid19, якая збірала дапамогу для беларускіх медыкаў. Ганна Чыстасердава, як і шматлікія культурныя дзеячы, цяпер жыве па-за межамі Беларусі.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Fundacja Villa Sokrates