Вольга Карач: Трэба блакаваць рэферэндум



Уладзімір Пуцін цісне на Аляксандра Лукашэнку правесці так званыя канстытуцыйныя рэформы, каб мець большы ўплыў.

Кажа беларускі палітык Вольга Карач. Яна перакананая, што менавіта з Расеі прыйшла ідэя пераўтварыць Беларусь у парламенцка-прэзідэнцкую рэспубліку. Такая норма абмяркоўваецца ў праекце новай Канстытуцыі, якую Аляксандр Лукашэнка абяцаў пасля пратэстаў мінулага года. Вольга Карач заўважае, сама ідэя можа і не дрэнная, але ў беларускіх рэаліях ёсць асаблівасці:

– Праблема ў тым, што гэта ідэя Крамля і гэта ідэя мае пэўныя наступствы менавіта для беларусаў. Таму я лічу яе вельмі шкоднай, я лічу, што трэба блакаваць рэферэндум і трэба яго зрываць усімі сіламі, з усёй энергіяй на якую мы толькі здольныя. Яны мяняюць статус рэспублікі на парламенцкую. Па другое, яны пачынаюць рэгістраваць усялякія партыі. Зразумела, што большая частка партый, якія будуць рэгістравацца, гэта прарасейскія партыі, там будуць, скажам так, правільныя людзі.

Людзі з тых прарасейскіх партый. А далей трэці этап – ужо на новай Канстытуцыі – прадстаўнікоў гэтых партый правядуць у новы парламент. У краіне адбудзецца імітацыя дэмакратыі і пераўтварэнняў. Такога падману беларуская апазіцыя не можа дапусціць. Тым часам заўтра (9 верасня) Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка сустракаюцца ўжо 5 раз у гэтым годзе.

Беларускае Радыё Рацыя