Афіцыйны Менск падрыхтаваў праект закона, датычны мігрантаў



Лукашэнка ўнёс на разгляд Палаты прадстаўнікоў законапраект «Аб прыпыненні дзеяння Пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім звязам аб рэадмісіі асоб, якія знаходзяцца без дазволу». Дакумент падрыхтаваны ў рамках «захадаў у адказ на недружалюбныя дзеянні, прынятыя Еўразвязам і яго дзяржавамі-сябрамі ў дачыненні Беларусі», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Лукашэнкі.

Згаданае пагадненне вызначае механізм перадачы, прыняцця і вяртання асоб, якія парушылі ўмовы ўезду, знаходжання і пражывання. Бліжэйшым часам адпаведныя абавязацельствы Беларусі будуць «замарожаныя». Пагадненнем прадугледжана, што кожны бок мае права часткова або цалкам часова прыпыніць яго дзеянне, афіцыйна апавясціўшы пра гэта іншы бок.

Упершыню аб прыпыненні пагаднення было заяўлена ў канцы чэрвеня. Тады ж замежнапалітычная служба Еўразвязу казала, што магчымае прыпыненне пагаднення не адаб’ецца на цане візы для беларускіх грамадзян.

Беларускае Радыё Рацыя