Лукашэнка ляціць у Маскву, а Макей збіраецца ў Нью-Ёрк



Афіцыйныя ўлады Беларусі відавочна спрабуюць выйсці з крызіснай сітуацыі, але з карысцю для сябе.

Закрану адразу дзве важныя ў кантэксце беларускага пытання сустрэчы. Хоць яны пройдуць і з рознымі ўдзельнікамі, і ў розных частках свету, і ў розныя тэрміны. Па-першае, сёння ў Маскве пяты раз за бягучы год сустракаюцца Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Па-другое, у Нью-Ёрку падчас наступнай генеральнай сесіі ААН (якая пройдзе 22-26 верасня) мае адбыцца сустрэча міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея і міністра замежных спраў Польшчы Збігнева Раў.

Што тычыцца сустрэчы ў Маскве, то 31 жніўня пасол Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка анансаваў, што на сустрэчы 9 верасня ў Маскве плануецца падпісанне 28-мі дарожных карт, з якіх 27 узгодненыя, адна – газавая – патрабуе дадатковага ўзгаднення. Праз некалькі гадзін пасольства дало абвяржэнне, маўляў, пасла не так зразумелі. І ўжо 1 верасня Лукашэнка заявіў, што плануе абмеркаваць з Пуціным далейшыя пытанні інтэграцыі, а падпісанне карт можа адбыцца ў кастрычніку-лістападзе. Напярэдадні, Лукашэнка сказаў, што на сустрэчы з Пуціным будзе абмяркоўвацца афганскае пытанне, ды яго ўплыў на сітуацыю ў Азіі, Расеі, і беларусы, сказаў, у баку не застануцца. Можа ён меў на ўвазе мігрантаў, якія атакуюць межы Еўразвязу? Агенцтва РБК са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе Беларусі піша, што ўлады Беларусі абмяркоўваць магчымасць прыцягнення крэдыту на суму да трох мільярдаў даляраў. Тэма новага крэдыту абмяркоўвалася падчас папярэдняй сустрэчы лідараў у ліпені. Так што адносна сустрэчы ў Маскве, можна сказаць адно: калі невядома пра што ідзе, то ідзе хутчэй за ўсё пра грошы.

Сустрэча ў Нью-Ёрку выглядае нават больш інтрыгоўнай. Спачатку на Эканамічным форуме ў Карпачы, які называюць польскім Давосам, з’яўляецца Юрый Васкрасенскі, былы палітвязень, а цяпер прадстаўнік рэжыму. Ніхто не бярэ на сябе адказнасць за яго з’яўленне ў Польшчы, ужо не кажучы пра тое, што нібыта ў Беларусі ён пад хатнім арыштам. Польскае выданне Onet са спасылкай на прэзідэнта Цэнтру стратэгічнага аналізу Вітольда Юраша сцвярджае, што з’яўленне Васкрасенскага на форуме можа быць часткай польскай дыпламатычнай кампаніі, якая і завершыцца сустрэчай у Нью-Ёрку. Паводле крыніц “Нашай Нівы”, у Нью-Ёрку будуць гаварыць пра вызваленне лідараў Саюза палякаў у Беларусі Анжалікі Борыс і Анджэя Пачобута. А калі гэта сапраўды так, то значыць Польшча, а можа і Еўразвяз, гатовыя пайсці на пэўныя саступкі рэжыму. Да таго ж даходзяць інфармацыі пра аднаўленне трансгранічнага супрацоўніцтва. Так што за спінамі дэмакратычнай супольнасці адбываюцца дыпламатычныя і не толькі дыпламатычныя гульні. А Лукашэнка чарговы раз можа выйграць адразу на двух франтах – расейскім і заходнім.  

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: pravda-nn.ru