Латушка: Мы не будзем весці размоў з прадстаўніком забойцы і міжнароднага тэрарыста 



Польскія СМІ, а таксама незалежныя беларускія паведамілі пра скандал у польскім горадзе Карпачы, дзе праходзіць Эканамічны форум. А скандал тычыцца з’яўлення там прадстаўніка афіцыйнага Менску – Юрыя Васкрасенскага, які пазіцыянуе сябе як пасярэднік паміж сённяшняй уладай Беларусі і беларускай дэмакратычнай апазіцыяй. Даведаемся інфармацыю ў кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, які зараз знаходзіцца ў Карпачы.   

РР: Вы польскаму тэлеканалу tvn24 сказалі, што з кэгэбістамі сустракацца не маеце намеру і рукі падаваць не будзеце. Вы пазіцыянуеце Васкарсенскага як агента ці штатнага супрацоўніка КДБ? Ці сапраўды вы не перасякаліся з ім у Карпачы?

Павел Латушка: Я бачыў яго на адным з панэльных паседжанняў. Ён слухаў Святлану Ціханоўскую, сядзеў ціха ў зале, адсядзеў і пайшоў разам з жонкай. Я скажу, што падыход агульны ўсіх прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, якія ўдзельнічаюць у гэтым форуме: мы не плануем ніякіх кантактаў з Васкрасенскім. Не прызначалі ніякіх перамоваў і не маем такога намеру. Зразумела, што Юрый Васкрасенскі з’яўляецца чалавекам, які поўнасцю стыруецца КДБ на Беларусі. Ён фактычна рэалізуе тую палітыку, якую сёння прадстаўляе рэжым. Фактычна па нотах распісаныя ўсе яго выказванні і дзеянні, інтэрв’ю з тым жа Раманам Пратасевічам, публікацыі ў тэлеграм-каналах. Я нават не адсочваю яго тэлеграм-каналы, але час ад часу на інфармацыйным абшары сустракаеш нейкую інфармацыю. Гэты чалавек бачна, што абсалютна дзейнічае ў інтарэсах КДБ і рэжыму ў Беларусі.

У сваім інтэрв’ю tvn24 я сказаў, што, па-першае, я, канешне, спадзяюся, што ніхто з афіцыйных уладаў Польшчы не запрашаў яго. Бо на пытанне журналіста, ці буду лічыць я гэта здрадай, зразумела, калі ўсё ж такі афіцыйна хтосьці прыдумаў ідэю запрасіць яго – гэта здрада для дэмакратычных сілаў, для беларускага грамадства. Але спадзяюся і ўпэўнены, што афіцыйная Варшава не запрашала Юрыя Васкрасенскага. Другое пытанне – ці буду я размаўляць з гэтым чалавекам. Я адказваю так, калі гэты чалавек падыдзе да мяне, то мой падыход, канешне, будзе наступны – ён прадстаўляе асобу ў Беларусі, якая захапіла ўладу, якая зрабіла шмат злачынстваў, забойстваў, якая працягвае гэта рабіць у Беларусі. І з прадстаўніком забойцы і міжнароднага тэрарыста я не планую весці ніякіх размоваў.

РР: Візіт Васкрасенскага, на мой погляд, – гэта падкінуты каменьчык у агарод суседа. Польскія палітыкі і журналісты  ўжо перасварыліся наконт візіту: хто запрашаў, хто не запрашаў Васкрасенскага, хто яго пусціў у Карпач. Тым часам тут сабралася прадстаўнічая група беларускай апазіцыі і вырашылі прамаўчаць пра візіт Васкрасенскага. Бо заяваў ці каментароў не было.

Павел Латушка: Не тое, што прамаўчаць. Я не думаю, што трэба бегаць рэкламаваць спадара Васкрасенскага, – гэта першая пазіцыя. Другое, учора я даў можа каля дзясятка інтэрв’ю польскім СМІ. Мая пазіцыя – размаўляць з асобай, які прадстаўляе чалавека, што здзяйсняе злачынствы і забойствы на Беларусі – самыя маштабныя пасля ІІ Сусветнай вайны, я не маю ніякіх намераў і буду трымаць рукі ў кішэнях.

РР: Форум у Карпачы – гэта перш наперш эканамічны форум. І ці там сапраўды прадстаўляе сённяшнюю у пэўным сэнсе ўладу Беларусі адзін Васкрасенскі, ці ўсё ж такі прадстаўнікі дзяржаўнага бізнесу Беларусі там прысутнічаюць? Вы не раз заклікалі замежны бізнес не супрацоўнічаць, не фінансаваць рэжым Лукашэнкі. Ці сапраўды ёсць эканамічны байкот ?

Павел Латушка: Шчыра кажучы, я не ведаю, ці ёсць прадстаўнікі дзяржаўных кампаній. Ёсць прадстаўнікі прыватных беларускіх прадпрыемстваў, малога і сярэдняга бізнесу, якія заўсёды прымаюць удзел у гэтым форуме. Зразумела, што іх невялікая колькасць у гэтым годзе. Яны наведалі і нашыя панэлі, адбыліся кантакты з імі. Яны пыталіся пра сітуацыю, пра планы і дзеянні. Я думаю, што іх удзел нікому не нашкодзіць. А нам, як дэмакратычным сілам, дае магчымасць камунікацыі. Закраналася і тэма санкцый. Я выказаў яе прадстаўнікам прадпрыемстваў, што мы ніколі не выступалі за санкцыі, бо санкцыі разбураюць эканоміку. Санкцыі павінны быць і будуць да той пары, пакуль рэжым не выпусціць усіх закладнікаў – тысячы палітычных зняволеных. Пакуль не пачне расследаванне забойстваў, гвалту ў адносінах да беларусаў і калі не будуць прызначаныя выбары. Вось дзеля гэтага і ўведзены санкцыі.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя