Беларусь запрасіла замежных назіральнікаў на сумесныя вучэнні „Захад-2021”
Беларусь запрасіла замежных назіральнікаў на беларуска-расейскія стратэгічныя вучэнні „Захад-2021”. Пра гэта паведаміў прастаўнік міністэрства абароны Алег Воінаў.
Для назірання за актыўнай фазай вучэнняў акрэдытаваныя каля 60 прадстаўнікоў СМІ, у тым ліку 23 замежныя. На брыфінгу заявілі, што вучэнні праводзяцца для „павышэння ўзроўню гатовасці і здольнасці органаў ваеннага кіравання войскаў Беларусі і Расеі да сумесных дзеянняў пры вырашэнні задач забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы”, выпрацоўкі і апрабавання сумесных дзеянняў „у ходзе адбіцця агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы” ў інтарэсах захавання тэрытарыяльнай цэласнасці дзвюх краін, атрымання практыкі камандуючымі, камандзірамі і штабамі „падчас адбіцця агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы”.
Як паведамлялася, вучэнні „Захад-2021” пройдуць 10-16 верасня на чатырох беларускіх палігонах. Да часткі вучэнняў, якія пройдуць на тэрыторыі Беларусі, прыцягнуць каля 13 тысяч чалавек, у тым ліку каля 2,5 тысяч расейскіх вайскоўцаў і да 50 казахстанскіх вайскоўцаў са складу Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ.
Таксама будзе задзейнічана да 350 адзінак бранятанкавай тэхнікі (у тым ліку каля 140 танкаў), каля 110 адзінак артылерыі і ракетных сістэм залпавага агню, больш за 30 самалётаў і верталётаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота mil.by