Каманда Ціханоўскай будуе кантакты ва Украіне
Кабінет прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай агучыў вынікі палітычнай канферэнцыі ў Кіеве.
Беларускі крызіс стаў адной з тэмаў Ялцінскай канферэнцыі еўрапейскай стратэгіі, якая прайшла ў Кіеве з удзелам прэзідэнта Зяленскага, міністра Кулебы, былога прэм’ер-міністра Швецыі Карл Більдта, экс-дарадцы прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джона Болтана, былога прэзідэнта Польшчы Аляксандра Квасьнеўскага, экс-прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы, аналітыка Фарыда Закарыі, гісторыка Ніла Фергюсона і іншых. Удзел узяў i дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.
Вячорка распавядае пра канферэнцыю: «Падчас канферэнцыі мы правялі шэраг кансультацыяў з палітычнымі групамі, міністэрствам замежных справаў Украіны і Адміністрацыяй прэзідэнта. У прыватнасці, размаўлялі пра нявыдачу беларусаў і асабістых дадзеных нашых суайчыннікаў КДБ Лукашэнкі, спыненне палітычнай і эканамічнай супрацы з рэжымам і санкцыі, Усходняе партнёрства і супрацу ў міжнародных арганізацыях.
У дыскусіі, прысвечанай Беларусі, узялi ўдзел намеснік міністра замежных справаў Васіль Боднар, былы міністр замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус, эканаміст Андэрс Ослунд, беларуская журналістка і экспертка Ганна Любакова, Амбасадар Джон Хербст з Atlantic Council.
Пералічу асноўныя высновы:
– Дэмакратычныя змены ў Беларусі выгадныя ўсім суседзям, і ў першую чаргу – Украіне; – Без сыходу Лукашэнкі вырашэнне крызісу немагчымае; – Адна з галоўных небяспек для Беларусі – страта незалежнасці праз дзеянні рэжыму; – Санкцыі на рэжым неабходныя, і гэты ціск павінен быць скаардынаваны.
Таксама на канферэнцыі я пазнаёміўся з дэпутатамі партыі «Слуга Народа», украінскімі палітыкамі Паўлам Клімкіным, Уладзімірам Гройсманам, Арсенам Авакавым. Апошнія месяцы мы актыўна будуем кантакты на палітычным і дыпламатычным узроўні і чакаем ад Украіны больш рашучых дзеянняў».