У Беластоку паказалі „Брыдкае качаня” на беларускай гаворцы
У Беластоку праходзяць паказы прэм’ернага спектакля тэатра „Чрэва” – „Брыдкае качаня” паводле вядомага класічнага твора Ганса Крыстыяна Андэрсэна. Казка пра маленькае птушаня, якое выглядала не так як іншыя дзеці маці-качкі, і з гэтае нагоды з яго ўсе з здзеквліся. Але з часам птушаня вырастае ў прыгожага лебедзя.
Твор паказвае Тэатр „Чрэва”. Літаратурная казка дацкага пісьменніка і паэта Ганса Крыстыяна Андэрсэна, якая пабачыла свет у 1843ім годзе – на Падляшшы набрала свой каларыт. Спектакль граюць „па-свойму”, на беларускай гаворцы ў перакладзе з дацкай мовы Яна Максімюка. А сама гісторыя акцэнтуецца менавіта на маці брыдкага качаня. Кажа рэжысёрка Люцыя Гжэшчык:
– Мяне гэта вельмі зацікавіла, калі я працавала з Яаннай Троц, са сваёй вельмі добрай сяброўкай з вучобы ў тэатральнай акадэміі, бачачы, назіраючы ўсцешнасць Яанны. Гледзячы з перспектывы маці брыдкага качаня, гледзячы на ўвесь твор „Брыдкае качаня”, для мяне вельмі важны зусім іншы кантэкст гэтай казкі, якую ведаюць усе на свеце.
Прэм’ерныя паказы лялечнага спектакля пасля таксама пройдуць у іншых гарадах. Усяго іх 10. Пакуль змякчыліся каронавірусныя абмежаванні – варта карыстацца гэтай нагодай, кажа акторка і кіраўнік тэатра „Чрэва” Яанна Троц:
– Першыя спектаклі, якія паказваем, пакажам дзесяць спектакляў у розных гарадах Падляшша: Бельску, Гайнаўцы, Дубічах Царкоўных і ў Беластоку. Мне здаецца, што напэўна зноў прыйдзе гэты час. Пакуль можам, хочам сустрэцца, хочам паказаць спектакль.
Спектакль „Брыдкае качаня” на беларускай гаворцы і скіраваны на малодшых дзетак. Таму яго важна паказаць у нашых гарадах, кажа Яаана Троц.
Праект прафінансаваны за кошт гранта Міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, а таксама са сродкаў Падляшскага ваяводства.
Беларускае Радыё Рацыя