Макарый Малахоўскі адпушчаны з польскай пракуратуры (абноўлена)



Беларуса Макарыя Малахоўскага, затрыманага ў горадзе  Пасечна пад Варшавай, адпусцілі. Гэта адбылося каля 18-й гадзіне — ён выйшаў з акруговай пракуратуры.

Кажа Макарый Малахоўскі:

– Гэта сапраўды страшная сітуацыя. Я быў здзіўлены і не чакаў такога ўвогуле, што можа тут адбыцца. Так вось прыехаць уначы і проста забраць. Павезлі ў ІЧУ, і ўсё – я проста чакаў, начаваў там. Там больш камфортна, чым на Акрэсціна, там ёсць бялізна, там лепш.

Макарыя зытрымалі таму, што ён меў чырвоную ноту Інтэрполу. Як сказала абаронца Макарыя, пракурор сцвердзіў, што не мае падстаў утрымліваць Макарыя надалей. Па беларусу будзе прымацца рашэнне, ці выдаваць яго ў Беларусь.

Макарый Малахоўскі знаходзіўся ў Польшчы па гуманітарнай візе. У Беларусі ж яго сілавікі затрымлівалі 13 жніўня 2020 года, пры гэтым ужывалі газ.

Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя

* * * 

Да вырашэння пытання затрыманага пад Варшавай беларуса далучыўся ўпаўнаважаны па правах чалавека Польшчы. Пра гэта ў нашым эфіры паведаміў Антон Жукаў з цэнтра беларускай салідарнасці ў Варшаве. 

Затрыманы 12 верасня польскай паліцыяй сын беларускага святара Макарый Малахоўскі на дадзены момант знаходзіцца ў пракуратуры Польшчы на допыце. Цэнтр беларускай салідарнасці знайшоў рускамоўнага адваката для Макарыя. У гэтай справе задзейнічаны польскі амбудсмен, кажа прэс-сакратар Цэнтра беларускай салідарнасці Антось Жукаў:

– Прыехаў амбудсмен пра правах чалавека, ён з ім знаходзіцца. Безумоўна яго выпусцяць у бліжэйшы час, усё павінна быць у парадку. Міністр унутраных спраў сказаў, што рэжым Лукашэнкі карыстаецца інструментамі Інтерполу і што ён ужо звяртаўся ў Інтерпол, каб скончыць такую практыку.

У Варшаве ў палове на 19-ю адбудзецца акцыя салідарнасці беларусаў з Макарыем.

Нагадаем, учора польская паліцыя затрымала пад Варшавай беларускага актывіста Макарыя Малахоўскага. Той летась увосень выехаў у Польшчу ад пераследу з боку беларускіх уладаў.

Акалічнасці прыгадвае Антон Жукаў:

– Падставай было  – нібыта ў Макарыя грала гучная музыка. Наколькі мы ведаем, гэта няпраўда. Пасля высветлілася, што яго правяраюць па спісах Інтэрполу, якія падала ўлада Беларусі. Мясцовая паліцыя пасля яго прывезла ў акруговую пракуратуру Варшавы. Такія выпадкі ўжо здараліся, і заўсёды беларусаў адпускалі, то бок ніколі ячшэ не было такіх прэцэдэнтаў з 2020 года, каб кагосьці выдалі.

 Зараз Макарый Малахоўскі на допыце ў пракуратуры. Ён знаходзіцца ў спісе Інтэрполу, у які яго ўнеслі прадстаўнікі ўлады Беларусі. У Беларусі на Малахоўскага заведзена крымінальная справа нібыта за наезд на супрацоўніка ДПС, які адбыўся 13 жніўня 2020 года. Прадстаўнікі Цэнтра беларускай салідарнасці заяўляюць пра выключна палітычны пераслед.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя

***

12 верасня ўвечары польская паліцыя прыйшла да кватэры беларускага актывіста Макарыя Малахоўскага, які восенню 2020 года выехаў у Польшчу з-за пераследу з боку лукашэнкаўскіх уладаў.

Старшыня праўлення фонду „Беларускі дом у Варшаве” Алесь Зарэмбюк упэўнены, што заходнія краіны разам з дыяспарамі павінны паставіць кропку ў пытанні выдачы беларусаў уладам у Менску: 

– Мала якія крокі зробленыя ў гэтым накірунку. Мы павінны быць адзінай камандай. Мы ёсць адзіная каманда і Вільня, і Варшава, арганізацыі, дыяспары. Трэба паставіць тлустую кропку ў гэтай справе і паказаць разам з урадамі заходніх краін, што ні адзін беларус, які пераследуецца нелігітымным рэжымам, не будзе перададзены ў крывавыя рукі дыктатара і ў рукі яго карнікаў, якія працягваюць знішчаць лёсы сотняў беларусаў, якія цяпер у турмах.

Міліцыянты паведамілі Макарыю, што яны атрымалі скаргу на гучную музыку, нібыта якая грае з яго кватэры, што не адпавядае рэчаіснасці. Аднак, як высветлілася пазней, беларускага актывіста затрымалі, бо ён быў у спісе Інтэрпола, у які яго ўнеслі прадстаўнікі беларускага рэжыму. Макара затрымалі на 48 гадзін, неўзабаве да яго павінен прыехаць рускамоўны адвакат. 

Ці могуць актывісты беларускай апазіцыі адчуваць сябе ў бяспецы ў Польшчы? Чаму польская паліцыя па-ранейшаму рэагуе на высновы беларускага рэжыму і чаму супрацоўніцтва з імі не разарвана, калі Лукашэнка арганізаваў гібрыдную агрэсію на мяжы з Польшчай?

Любую дадатковую інфармацыю дае прэс-сакратар Цэнтра беларускай салідарнасці Антон Жукаў па тэлефоне 507 426 060.

Як паведамляе Наша Ніва, у Беларусі на Макарыя Малахоўскага заведзена крымінальная справа нібыта за наезд на супрацоўніка ДПС, які адбыўся 13 жніўня 2020 года — 364 арт. КК РБ (гвалт або пагроза гвалту ў дачынне супрацоўніка органаў унутраных спраў).