З-пад гандлёвага цэнтра ў Варшаве выгналі «Вольны хор»



Беларускіх артыстаў «Вольнага хору» спынілі падчас выканання песні «Муры» ў Варшаве. Акцыя ў падтрымку асуджаных сябраў прэзідыуму Каардынацыйнай рады Марыі Калеснікавай і Максіма Знака адбывалася перад гандлёвым цэнтрам Złote Tarasy ў цэнтры польскай сталіцы.

Як паведамляе інфармацыйны партал Onet, выканаўцы паспрабавалі растлумачыць ахоўнікам, што за выкананне гэтай песні ў Беларусі ім пагражае пазбаўленне волі, таму такім чынам яны хочуць падтрымаць арыштаваных палітвязняў. Аднак у адказ пачулі, што за парушэнне грамадскага парадку адправіццца за краты можна і ў Варшаве. Адміністрацыі гандлёвага цэнтра Złote Tarasy заявіла, што рэгламент аб’екта дакладна вызначае правілы правядзення ўсіх відаў сходаў, а таксама неабходнасць іх зацвярджэння менеджарам. Маўляў, пра што супрацоўнікі службы бяспекі тактоўна праінфармавалі ўдзельнікаў «няўзгодненага сходу».

Як вядома, «Вольны хор» узнік у жніўні 2020 года ў адказ на палітычныя падзеі ў Беларусі. Удзельнікі калектыву нечакана з’яўляліся ў публічных месцах Менску і выконвалі кампазіцыі, якія сталі найбольш папулярнымі падчас маштабных пратэстаў.

Беларускае Радыё Рацыя