Праваабаронцы заклікаюць далучыцца да кампаніі #FreeViasna
#FreeViasna. Праваабаронцы “Вясны” прапануюць далучыцца да кампаніі салідарнасці з іх зняволенымі калегамі. Стартуе кампанія 17 верасня.
Самы просты спосаб да яе далучыцца – напісаць зняволеным “вясноўцам”, кажа Дар’я Рублеўская, праваабаронца “Вясны” і каардынатарка „Майстэрні паштовак салідарнасці”:
– Можна пісаць лісты, можна пісаць паштоўкі. Можна пісаць як афлайн, то бок, набываючы маркі, канверты на пошце і дасылаючы гэта праз паштовае аддзяленне. Можна гэта рабіць праз паштовыя сервісы, такія як „Майстэрня паштовак салідарнасці”, “В клеточку”, “Письмо.бел”. Так можна рабіць, асабліва калі вы не ў Беларусі.
Акрамя ліставання, да кампаніі можна далучыцца і іншымі спосабамі: правесці акцыю салідарнасці ў сваім горадзе, а таксама зрабіць фота з банэрамі, постэрам кампаніі і размясціць у сацыяльных сетках з хэштэгам #FreeViasna.
Нагадаем, за кратамі застаюцца сем прадстаўнікоў Праваабарончага цэнтра “Вясна”. Сярод іх старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, а таксама Марфа Рабкова: 17 верасня, у дзень старту кампаніі салідрнасці, спаўняецца адзін год, як Рабкову затрымалі.
Беларускае Радыё Рацыя