Пачаўся афіцыйны візіт Святланы Ціханоўскай у Францыю



Лідар дэмакратычнай Беларусі Святлана Ціханоўская наведвае Францыю. Яна ўжо паўдзельнічала ў Парыжы ў адкрыцці выставы пра год беларускіх пратэстаў вачыма фотажурналістаў.

Яе словы цытуе прэсавая служба: „Праз фатаграфіі збітых і закатаваных беларусаў я таксама стукаюся ва ўсе дзверы, пераконваючы сусветных палітыкаў у тым, што наша барацьба рэальная і блізкая”.

Святлана Ціханоўская наведвае Францыю на запрашэнне міністра замежных спраў гэтай краіны Жан-Іва Ле Дрыяна.

Беларуская госця сустрэнецца з прадстаўнікамі беларускай дыяспары, выступіць перад студэнтамі Інстытута палітычных даследаванняў. Запланаваныя сустрэчы з прэзідэнтам Канстытуцыйнага савета Ларанам Фабіусам, мэрам Парыжа і кандыдатам у прэзідэнты Францыі Ан Ідальго, старшынёй Сената Жэрарам Ларшэ, старшынёй Камітэта па замежных справах Нацыянальнага сходу Франсуа Байру.

Ціханоўская абмяркуе з палітыкамі арганізацыю канферэнцыі высокага ўзроўню па рашэнні крызісу ў Беларусі, а таксама ўдзел дэмакратычных сіл Беларусі ў саміце Усходняга партнёрства.

Тэмамі перамоваў стануць таксама дапамога грамадзянскай супольнасці і міжнароднае расследаванне супраць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці.

Францыя з’яўляецца пастаянным чальцом Рады бяспекі ААН, а з 1 студзеня 2022 года пачне сваё старшынства ў ЕЗ. Візіт Святланы Ціханоўскай працягнецца да 17 верасня.

Беларускае Радыё Рацыя