Ірына Шымановіч выбыла ў 1/16 фіналу турніру ў Валенсіі



Ірына Шымановіч (284-ы нумар рэйтынгу ВТА) выбыла ў 1/16 фіналу турніру ў іспанскай Валенсіі з прызавым фондам 80 000 даляраў. Беларуска саступіла расейцы Аксане Селяхмецьевай (322 ВТА) – 1:6, 4:6.

 

„Шахцёр” плануе з сезона-2022/23 выступаць у чэмпіянаце Расеі

Галоўны трэнер зборнай Беларусі і салігорскага „Шахцёра” Віктар Бекша паведаміў, што з наступнага сезона валейбольны клуб мае намер выступаць у чэмпіянаце Расеі. «Плануем, калі ўсё добра складзецца. Гэтак жа, як і „Менчанка” удзельнічае ў Суперлізе Расеі. Планы такія ёсць з наступнага сезону», – распавёў Бекша. У сезоне-2021/22 салігорскі „Шахцёр” удзельнічае ў Кубку Расеі.

 

Валейбалісты Сербіі і Польшчы сталі першымі паўфіналістамі ЧЕ-2021

Валейбалісты Сербіі і Польшчы сталі першымі паўфіналістамі чэмпіянату Еўропы. Турнір праходзіць у чатырох краінах – Польшчы, Чэхіі, Эстоніі і Фінляндыі. У першым чвэрцьфінальным паядынку зборная Сербіі выйграла ў нідэрландскай каманды – 3:0 (25:23, 25:20, 27:25). У другім чвэрцьфінале Польшча перамагла Расею таксама з лікам – 3:0 (25:14, 26:24, 25:19). У паўфінале „бела-чырвоныя” будуць змагацца з пераможцамі гульні паміж Чэхіяй і Славеніяй. Каманда Сербіі згуляе з лепшай камандай з двубоя паміж Італіяй і Нямеччынай.

 

Яўген Шыкаўка ўключаны ў зборную тура чэмпіянату Казахстана

Прафесійная футбольная ліга Казахстана прадставіла сімвалічную зборную 20-га тура прэм’ер-лігі, у якой знайшлося месца і для беларускага нападніка „Шахцёра” Яўгена Шыкаўкі. Каманда тура была складзена на аснове статыстычнага аналізу матчаў ад партнёра ПФЛК – кампаніі InStat. Форварды „Шахцёра” актыўна згулялі ў матчы супраць „Жэтысу” – дубль аформіў Аміртаеў, яшчэ адзін гол дадаў Шыкаўка.

 

Стаў вядомы расклад фінальнага турніру, у якім прымуць удзел беларускі

Апублікавана расклад фіналу Кубка федэрацыі-2020 ды у якім прыме ўдзел зборная Беларусі. Турнір адбудзецца ў Празе і пройдзе з 1 па 6 лістапада. 1 лістапада беларускі, якія выступаюць у групе „B”, згуляюць з бельгійкамі, 4-га – з аўстралійкамі. У паўфінал выходзіць толькі пераможца.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя