Новы сезон Беластоцкі драмтэатр распачне на іншых сцэнах горада



Рамонт у Беластоцкім драматычным: новы сезон акцёры распачнуць на іншых сцэнах горада. Усё ідзе паводле плану, так кажа кіраўніцтва тэатра. Нагадаем, рамонт будынку тэатра імя Аляксандра Венгеркі ў Беластоку запланаваны на 2021-2023 гады. Субсідыя паходзіць з Дзяржаўнага фонду мясцовых інвестыцый.

Сума дзяржаўнай падтрымкі складае 26 000 000 злотых, агульны кошт усёй інвестыцыі – 58 000 000 злотых. На якой стадыі рамонтныя працы, паінфармавала намесніца дырэктара беластоцкай творчай пляцоўкі Мартына Занеўская:

– Калі казаць пра будаўніцтва, то ўсё ідзе, згодна з планам. Як мы планавалі, у трэцім квартале гэтага году мы аддалі будынак выканаўцу работ, зараз там ідуць дэмантажныя працы. Перад намі таксама падрыхтоўка да тэндару на другі этап мадэрнізацыі, дастаўка сцэнатэхнікі, гукавой апаратуры і светатэхнікі. Увесь час вельмі шмат працы, з гэтым звязанай.

Тым часам, беластоцкія тэатралы пачынаюць новы творчы сезон, які пройдзе не ў сценах тэатра. Гэта стварае пэўныя нязручнасці, найперш лагістычныя, але гэты працэс атрымалася арганізаваць.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Fot. Katarzyna Cichoń