„Зубраня” прыме дзяцей з Данецкай вобласці
Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне, у адпаведнасці з якім група дзяцей з Данецкай вобласці будзе адпачываць і аздараўляцца на базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра „Зубраня” з 15 верасня па 5 кастрычніка.
„Просьба прыняць на аздараўленне ў Беларусі дзяцей з Данецкай вобласці паступіла на імя кіраўніка дзяржавы па лініі дабрачынных арганізацый. Аляксандр Лукашэнка гэтую ініцыятыву падтрымаў”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Лукашэнкі.
Акрамя адпачынку і аздараўлення для дзяцей „будзе арганізаваны навучальны працэс і экскурсійна-культурныя мерапрыемствы па знакавых мясцінах нашай краіны”.
„Рашэнне кіраўніка дзяржавы падкрэслівае паслядоўны курс Беларусі, скіраваны на правядзенне міралюбнай знешняй палітыкі, прыхільнасць да ідэй гуманізму і міласэрнасці ў адносінах да дзяцей, якім патрэбныя клопат і падтрымка”, — гаворыцца ў паведамленні.
БелаПАН
Фота: mlyn.by