Сяргею Законнікаву – 75



16 верасня беларускаму паэту, публіцысту, журналісту і грамадскаму дзеячу Сяргею Законнікаву спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння.

Сяргей Законнікаў нарадзіўся ў Бешанковіцкім раёне. Вучыўся ў Белдзяржуніверсітэце, дзе быў актыўным сябрам літаратурнага аб’яднання “Узлёт”, якім кіраваў прафесар Алег Лойка. У зборніку паэтаў-узлётаўцаў “Натхненне” (Менск, 1967) малады аўтар тады шчыра пісаў пра сваю зямлю:

Мне б толькі быць з табой.

Ну, хоць бы верасам,

Расінкай, што пад промнямі дрыжыць.

Ты пражывеш і без мяне, я ведаю,

А мне ніколі без цябе не жыць.

Пасля ўніверсітэта Сяргей Законннікаў працаваў ва ўшацкай раённай газеце “Патрыёт”, у камсамоле, у газетах “Чырвоная змена”, “Звязда”, загадчыкам сектара мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ, быў рэдактарам часопіса “Полымя” і г.д.

З друку выйшлі дзясяткі ягоных кніг паэзіі, публіцыстыкі, эсэ. За кнігу вершаў “Пакуль жыве мая бярозка” у 1982 годзе паэт быў узнагароджаны Літаратурнай прэміяй імя Аркадзя Куляшова, а ў 1992 годзе за паэтычны зборнік “Заклінанне” атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы.  

Сяргей Законнікаў быў і застаецца разам са сваім народам, ён заўсёды выступаў і выступае за родную мову, дэмакратыю, за свой беларускі люд і Бацькаўшчыну. Сёлета неяк паэт сказаў: “Без дэмантажу дыктатарскай сістэмы ў Беларусі не будзе ніякага адзінства”. І з ім нельга не пагадзіцца.

Паважаны Сяргей Іванавіч! Калектыў Радыё Рацыя шчыра віншуе Вас з юбілеем. Здароўя Вам, творчых сіл, натхнення і дабра.

Беларускае Радыё Рацыя