Бяразаўчанку пакаралі „хіміяй” і вялікім штрафам за каментар
Зачыстка беларускай грамадзянскай супольнасці працягваецца. 46-гадовая жыхарка Ларыса Ківатыцкая пакарана Бярозаўскім судом за каментар, пакінуты пад здымкам міліцыянта яшчэ 24 чэрвеня 2020 года. Гэтым міліцыянтам аказаўся 26-гадовы інспектар ДАІ з Ганцавіч Ігар Вольніч.
Здымак не мог не ўразіць апалітычную жанчыну, дзе Вольніч прымяніў удушлівы прыём адносна ляжачага на зямлі ўдзельніка акцыі, якога дапамагалі трымаць з двух бакоў калегі Вольніча.
Каментар “проста сволач!” абышоўся Ківатыцкай у 700 рублёў кампенсацыі маральных пакут Вольнічу і года “хатняй” хаміі за абразу службоўцы пад час выканання прафесійнага абавязку.
Кажа бярозаўская жыхарка:
– Мне вельмі шкада, што нашы праваахоўныя органы зараз не праваахоўныя, а занялі пазіцыю карных органаў.
Паводле сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Сяржука Русецкага, першы раз у Бярозаўскім судзе пакаранне было зменшана суддзёй Дзмітрыем Кавалевічам напалову ад таго, што прасіў работнік пракуратуры, які не прысутнічаў у судзе, як і сам “пацярпелы”:
– Суд над Ларысай Ківатыцкай прайшоў па скарочанай працэдуры. Яна цалкам прызнала сваю віну. Пракуратура прапаноўвала пакараць Ківатыцкую двума гадамі без абмежавання волі, замест сумы маральнай шкоды ў 1500 рублёў ёй было прысуджана 700.
Гэта не першы і не апошні суд, які выйграў Ігар Вольніч па ўсёй Беларусі. Ён нават не абцяжарвае сябе паездкамі ў суды, а дасылае толькі цыдулкі, дзе тлумачыць, што ад патрабаванняў не адмаўляецца, бо пры сваёй тонкай душэўнай гармоніі страціў спакой і не можа спаць па начах.
Беларускае Радыё Рацыя