Паэт-пчаляр Мікола Папека прызнаны палітвязнем (абноўлена)



Пра гэта паведамляецца ў сумеснай заяве праваабарончых арганізацый Беларусі ад 16 верасня 2021 году. Мікола Папека фігурантам “справы карагодаў“ з’яўляўся ўжо здаўна, але прызнанне яго палітвязнем адбылося толькі сёння. Берасцейскі праваабаронца Уладзімір Вялічкін тлумачыць чаму:

– Калі ён не сядзіць, то ён не палітвязень. Як толькі атрымалі прадпісанне, дык адразу падалі. 13 арганізацыяў збіраюцца рэдка. Даводзіцца чакаць. 12 ў яго прадпісанне было.

Мікола Папека – паэт і пчаляр, заснавальнік літаратурнай “Мядовай прэміі” з вёскі Лінова Пружанскага раёна Берасцейшчыны. Удзельнік леташніх акцыяў пратэсту супраць вынікаў выбараў 2020 году і між іншым акцыі 13 верасня таго ж году, калі на перакрыжаванні праспекту Машэрава і бульвараў у Берасці пратэстоўцы “вадзілі карагод”. Пакаранне адбывае з 13 верасня 2021 году ў папраўчай ўстанове адкрытага тыпу №21, што знаходзіцца ў Мазыры.

Беларускае Радыё Рацыя

***

16 верасня праваабаронцамі быў прызнаны палітвязнем Мікола Папека, паэт, грамадскі дзеяч, сябра ГА „Саюз беларускіх пісьменнікаў”.

Мікола Папека прыгавораны да 2 гадоў „хіміі” па берасцейскай „карагоднай справе” (арт. 342, ч.1 і арт. 75, ч.1). З 12 верасня ён адбывае пакаранне ў выпраўленчай установе адкрытага тыпу ў Мазыры. Яго хадайніцтва аб накіраванні ва ўстанову адкрытага тыпу ў в. Куплін, якая знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах ад яго роднага дома, было адхілена ўладамі.

Адрас для ліставання: 247783, Беларусь, Гомельская вобласць, г. Мазыр, бульвар Юнацтва, д. 24, Папеку Мікалаю Мікалаевічу.

lit-bel.org