Прыпынілі крымінальную справу аб смерці Рамана Бандарэнкі



Генеральная пракуратура прыпыніла крымінальную справу па факце смерці Рамана Бандарэнкі, збітага летась на Плошчы пераменаў у Менску. Фармальная прычына — у сувязі з немагчымасцю ўстанавіць асобу, датычную да злачынства. Справа была заведзеная па факце нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, у выніку якіх Раман памёр.

Гэта здарылася ў лістападзе 2020 году. Рамана Бандарэнку затрымалі на Плошчы пераменаў пасля канфлікту з людзьмі, якія зразалі бел-чырвона-белыя стужкі.

Плошча пераменаў — двор паміж дамамі на вуліцы Чарвякова ў Менску.

З Цэнтральнага РУУС Раман трапіў у рэанімацыю, дзе памёр. На пахаванне Бандарэнкі прыйшлі тысячы людзей.

Спачатку расследаваннем займаўся Следчы камітэт. Але хутка па загадзе Лукашэнкі справу перадалі Генеральнай пракуратуры. Лукашэнка заяўляў, што бярэ следства пад асабісты кантроль. Чым гэта скончылася, мы цяпер бачым — справа прыпыненая.