У чалавека з абмежаванымі магчымасцямі прайшоў ператрус
Улада ўзялася за інваліда 2-ой групы з вёскі Дзевяткі Кобрынскага раёна Аляксандра Краўчука. Перад новаўведзеным Днём народнага адзінства ў яго правялі чарговы ператрус ужо на хутары і нават у лазні. Раней некалькі разоў абшуквалі дом, бо інвалід аказаўся ў ліку 97% і не хаваў гэтага. Што шукае міліцыя?
Адказвае Аляксандр Краўчук:
– Адбыўся ў мяне чарговы ператрус, ужо нават не дома, а на хутар прыехалі. У сувязі з тым, што быццам пад нейкім нікам была знявага прэзідэнта. Аказваецца, гэты нік калісьці я, не ведаючы што гэта за чалавек, запрасіў у канал, які ў нас у Кобрыні. Я лічу, што ўлады помсцяць за маю іншую пазіцыю, за мае іншыя погляды.
Паводле Аляксандра Краўчука, яго пенсія практычна забіраецца на штрафы, тым не менш на заяву па вызваленні ад падатку адказалі адмовай. Павінен плаціць нават за сваю машыну, што ўзарвалася на запраўцы, і крымінальная справа па якой працягваецца.
Беларускае Радыё Рацыя