Старыя фатаграфіі



Пра любую гістарычную эпоху ў пэўнай мясцовасці найлепей распавядуць сямейныя і сяброўскія фотасэсіі. Спыніся, імгненне, каб потым мы ўбачылі сапраўднае – на пэўнай часавай аддаленасці ад віхуры падзей і надзей!

Дзень народнага адзінства або працяг акупацыі Беларусі? Можна доўга і пафасна спрачацца пра тое, што ж адбылося ў далёкім верасні 1939 года, а можна завітаць у госці да старэйшых родзічаў ды пагартаць фотаальбомы. Распытаць у дзядоў пра іх дзядоў.

Найцікавей бывае параўнаць міжваенныя фота з усходняй і заходняй Беларусі. На фота з заходняй адчуваецца ўтульнысць і пэўная разняволенасць: паны ў капелюшах і гарнітурах, дагледжаныя пані ў прыгожых сукенках… Нават калі гэта будуць простыя вяскоўцы са спрацаванымі рукамі, то яны мелі выхадныя строі, кнігі, газеты дома, кветнікі на падворку і фікусы ў хаце… Калі ж знойдзецца рэдкае фота “ўсходнікаў”, то гэта будуць змучаныя на выгляд і галодныя людзі, якім не да гарнітураў ды капелюшоў! Ім бы выжыць у тым сацыялістычным “шчаслівым” лагеры, куды яны трапілі ў 1917 годзе… І адна справа – трапіць у лагер у 1939 годзе па той простай прычыне, што дзве імперыі распачалі дзяліць свет, і зусім другая – трапіць да саветаў па сваёй волі і сваім жаданні!

І тут ужо можам параўнаць фота Браніслава Тарашкевіча “пры Польшчы” і тое, што засталося ад яго потым па расповедах турэмных таварышаў… З верасня 1933 года ён быў абмяняны ля прыгранічный станцыі Коласава на вязня Салавецкага лагера беларускага драматурга і публіцыста Францішка Аляхновіча. Апошні выхапіў шчаслівы білет, першы не ведаў, куды ён ідзе…

Беларускае Радыё РАЦЫЯ